Выбух у цэнтры МУС у Сыктыўкары: расіяне падарваліся на ўласнай гранаце
- 15.01.2026, 15:53
Сталі вядомыя падрабязнасці інцыдэнту.
У цэнтры прафесійнай падрыхтоўкі расійскага МУС у Сыктыўкары выбухнула граната — пацярпелі да дзесяці чалавек, трое ў цяжкім стане. Інцыдэнт адбыўся ў актавай зале падчас заняткаў. Паводле розных даных, пацярпелі ад сямі да дзесяці чалавек. Мясцовыя рэгіянальныя СМІ падазраюць, што пасля выбуху маглі быць і загінулыя, піша «Диалог.UA».
Рэгіянальны Мінздароўя паведаміў пра дзевяць пацярпелых, васьмярых з іх шпіталізавалі. Паводле інфармацыі крыніц, блізкіх да сілавікоў, трое знаходзяцца ў цяжкім стане: у іх апёкі, траўмы і атручэнне прадуктамі гарэння. Відавочцы ўжо публікуюць відэа ў сацсетках.
Пажар, дым і эвакуацыя
Пасля выбуху ў будынку пачалося моцнае задымленне. Узнік пажар плошчай каля 340 квадратных метраў. З цэнтра эвакуявалі каля 200 чалавек. Відавочцы публікавалі відэа, на якіх бачны пацярпелы на будаўнічых лясах вакол будынка: у момант здарэння там вяліся рамонтныя работы.
У МУС паспрабавалі змякчыць фармулёўкі, заявіўшы, што падчас заняткаў «адбылося ўзгаранне даху». Пра выбух гранаты ў афіцыйных паведамленнях не паведамлялі.
Дзе гэта адбылося і каго там рыхтуюць
Цэнтр прафесійнай падрыхтоўкі — гэта вучэбнае падраздзяленне МУС, дзе рыхтуюць радавых супрацоўнікаў і павышаюць кваліфікацыю дзейных сілавікоў. Тут праходзяць навучанне будучыя супрацоўнікі ДАІ, крымінальнага вышуку, ППС, канвою, следства і ўчастковыя. Раней мясцовыя СМІ і ВНУ адкрыта расказвалі, што ў гэтым цэнтры студэнтам паказвалі зброю, цір і нават давалі «пастраляць» у межах экскурсій і вучэбных праграм.