BE RU EN

«Дзесяць дзён хадзіла па Мінску, шукаючы дачку»

  • 15.01.2026, 15:45

Мігрантку з Гвінеі дэпартавалі з Беларусі, а яе дачку забралі ў дзіцячы дом.

Прайшло дзевяць месяцаў з таго часу, як 23‑гадовая гвінейская жанчына Марыям Сума апошні раз бачыла сваю дзяўчынку Сабіну. Маці ў Гвінеі, а дачка — у дзіцячым доме ў Беларусі, паведамляе «Радыё Свабода».

Некалькі месяцаў таму ўлады Беларусі дэпартавалі маладую маці‑мігрантку на яе радзіму ў Заходнюю Афрыку без дзіцяці, са слоў самой Марыям і праваабарончых груп, што заняліся яе справай.

Пасля гэтых паведамленняў сітуацыю асудзілі эксперты ААН, праваабарончыя групы і гвінейскія дыпламаты.

«Я прасіла іх не рабіць гэтага», — сказала Сума ў інтэрв’ю AFP у трушчобах сталіцы Гвінеі Конакры, праглядаючы ў сваім тэлефоне нядаўнія фатаграфіі Сабіны, якой у лістападзе споўніўся адзін год.

У спробе ўцячы ад беднасці Сума праехала праз Афрыку, каб дабрацца да Беларусі, спадзеючыся адтуль трапіць у Еўразвяз. Гэты міграцыйны маршрут стаў папулярным у апошнія гады, Еўразвяз абвінавачвае рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў заахвочванні мігрантаў спрабаваць трапіць у Еўразвяз праз Беларусь.

Як і многія іншыя, Сума трапіла ў аўтарытарную Беларусь па студэнцкай візе, атрыманай праз інтэрнэт.

«Я не хацела ехаць (у Еўропу) морам. Я паглядзела на карту і ўбачыла, што Беларусь акружаная краінамі Шэнгенскай прасторы».

Дачка пры нараджэнні важыла 600 грамаў

Выпрабаванні Марыям пачаліся ў Беларусі, калі яна спрабавала падаўжаць візу. Зацяжарыўшы ад гвінейца, які з’ехаў, каб паспрабаваць трапіць у Еўразвяз, Сума нарадзіла больш як на два месяцы раней за меркаваны тэрмін.

Калі Сабіна нарадзілася ў лістападзе 2024 года, яна важыла ўсяго 600 грамаў.

Яе тэрмінова даставілі ў рэанімацыю, дзе беларускім лекарам удалося яе выратаваць. Але неўзабаве пасля гэтага, са слоў Сумы, ёй забаранілі бачыцца з дзіцем, пакуль яна не аплаціць вялікія медыцынскія рахункі.

Пазней яе пасадзілі ў турму за парушэнне міграцыйных правілаў і прымусілі сесці ў самалёт без дачкі.

«Я сказала, што вярнуся толькі са сваім дзіцем. Я прасіла іх: калі ласка, проста дазвольце маему дзіцяці акрыяць, і я паеду з ім дадому», — сказала Сума агенцтву AFP.

Пасля дэпартацыі ў жніўні, са слоў Сумы, ёй дазволілі два кароткія відэазванкі, каб убачыцца з Сабінай, якая знаходзіцца ў мінскім дзіцячым доме.

Што кажуць дыпламаты і праваабаронцы

Эксперты ААН назвалі паведамленні пра прымусовае разлучэнне «надзвычай трывожнымі». Пасольства Гвінеі ў Маскве, якое адказвае і за кантакты з Беларуссю, паведамiла AFP, што сочыць за гэтай справай з «вялікай гуманітарнай занепакоенасцю» і патрабуе «тлумачэнняў».

Пасольства заявіла, што Дзіцячы фонд ААН (UNICEF) у Беларусі, які паведаміў агенцтву AFP, што не можа каментаваць асобныя выпадкі, ведае пра сітуацыю і можа дапамагчы арганізаваць «гуманітарную падтрымку» для дзіцяці.

Улады Беларусі не адказалі на запыт AFP пра каментар.

10 дзён хадзіла па Мінску, шукаючы дачку

Спробы абмежаваць доступ Марыям да Сабіны пачаліся, калі яна аднаўлялася пасля тэрміновага кесарава сячэння.

«Яшчэ ў бальніцы я спытала: «Як маё дзіця?», і мне сказалі, што яно хворае і стомленае», — успамінае Сума.

Яна ведала толькі, што Сабіну перавялі ў іншую бальніцу. Дзесяць дзён яна хадзіла па Мінску, «шукаючы з ранку да вечара», пакуль не знайшла бальніцу, у якой ляжала яе дачка, і пачала штодня наведваць яе.

Калі Сабіну выпісалі з рэанімацыі і перавялі ў іншую бальніцу, Суме выставілі рахунак за лячэнне прыкладна на 33 000 долараў.

Убачыўшы рахунак, «я апусціла рукі», — сказала яна. Потым ёй забаранілі сустракацца з Сабінай, пакуль яна не заплаціць.

Паводле Сумы, мінулым летам жанчына ў бальніцы паведаміла ёй, што Сабіну адпраўляюць у дзіцячы дом. Адначасова міграцыйныя службы ўзмацнялі ціск. У ліпені яе пасадзілі ў турму за парушэнне міграцыйных правілаў.

Арганізацыя Human Constanta, якая сочыць за правамі мігрантаў у Беларусі, раскрытыкавала жорсткую рэакцыю ўладаў, назваўшы правапарушэнне адміністрацыйным, а не крымінальным.

«Ім было проста абыякава, і яны разлучылі маці і дзіця», — сказала Эніра Браніцкая з Human Constanta, назваўшы гэты працэс «маніпуляцыйным».

«Пагражаць маці тым, што ёй не аддадуць дзіця, вядома, незаконна», — сказала Браніцкая, бо афіцыйнага рашэння аб пазбаўленні Марыям бацькоўскіх правоў не было.

У турме, са слоў Сумы, супрацоўнікі міграцыйных службаў спрабавалі знайсці яе сваяка, які мог бы аплаціць ёй квіток дадому.

Ніхто не мог, і «у кожным выпадку я б не паехала без свайго дзіцяці», — сказала Марыям.

Нарэшце аднойчы, паводле яе слоў, на яе надзелі кайданкі, адвезлі ў аэрапорт, пасадзілі на рэйс у Стамбул і сказалі не вяртацца.

Апошнія навіны