У Расіі зайшоў у глухі кут увесь аўтамабільны рынак
- 15.01.2026, 12:24
Украінская разведка раскрыла падрабязнасці.
Мінулы 2025 год апынуўся для расійскага аўтамабільнага рынку вельмі дрэнным, але ў 2026 годзе сітуацыя для яго яшчэ больш пагоршыцца. Такі прагноз зрабіла Служба знешняй разведкі Украіны.
Паводле даных СЗР, у Расіі працягваюць расці цэны на новыя аўтамабілі. Масавыя мадэлі ўжо выйшлі з бюджэтнага сегмента. Напрыклад, калі раней Hyundai Solaris каштавала каля 1 млн рублёў, то цяпер — 2,5 млн рублёў і больш.
Дадатковай праблемай для расійскага першаснага аўтамабільнага рынку стала крэдытаванне. З 2026 года расійскія банкі абавязаны патрабаваць пацвярджэнне даходаў у пакупнікоў аўтамабіляў.
Прагназуецца, што гэта прывядзе да рэзкага падзення аўтакрэдытавання — да 50%. Многія расіяне, якія захочуць узяць крэдыт на аўтамабіль, не змогуць гэтага зрабіць, бо банкі ім адмовяць. Крытычная сітуацыя склалася і на другасным аўтамабільным рынку ў Расіі.
Справа ў тым, што не хапае мадэляў, а цэны на рамонт пастаянна растуць. Паводле прагнозу, да канца 2026 года расійскія сэрвісы павысяць цэны на рамонт і абслугоўванне аўтамабіляў на 20–25%.
Адзначым, што пасля таго як краіны Захаду ўвялі эканамічныя санкцыі супраць Расіі за ўварванне яе арміі ва Украіну, з расійскага рынку сышлі ўсе буйныя міжнародныя аўтамабільныя кампаніі.
У Расіі засталося толькі некалькі кітайскіх аўтавытворцаў. На дадзены момант кітайскія кампаніі ўжо занялі істотную долю на расійскім аўтамабільным рынку. Але нават кітайскія аўтавытворцы пачынаюць сыходзіць з Расіі, бо там зніжаецца попыт і павялічваюцца вытворчыя выдаткі. Напрыклад, толькі ў 2025 годзе з расійскага рынку сышло каля 30 кітайскіх мадэляў аўтамабіляў.