BE RU EN

У Каспійскім моры пацярпела бедства іранскае судна

  • 14.01.2026, 23:38

СМІ звязваюць яго з пастаўкамі зброі ў РФ.

14 студзеня ў Каспійскім моры пацярпеў крушэнне іранскі сухагруз Rona, праінфармавала Міністэрства замежных спраў Туркменістана.

«Берагавыя службы Туркменістана ў Каспійскім моры атрымалі сігнал SOS ад іранскага сухагруза Rona, які пацярпеў бедства. Дзяржаўнымі органамі Туркменістана [...] былі прыняты ўсе неабходныя меры для выратавання людзей», — гаворыцца ў паведамленні.

Туркменскія дыпламаты адзначылі, што «ў выніку своечасова праведзеных мерапрыемстваў» былі выратаваныя ўсе 14 чалавек, якія знаходзіліся на судне.

«Па папярэдняй інфармацыі, гэта грамадзяне Ірана і Індыі», — адзначылі ў МЗС.

Паводле дадзеных сэрвісу адсочвання суднаў VesselFinder, апошнім портам, дзе знаходзілася іранскае судна, — расійская Астрахань.

Расійскае выданне «Важные истории» паведаміла сёння, што Rona з кастрычніка 2024 года па снежань 2025-га 20 разоў заходзіла ў порты расійскіх гарадоў Астрахані, Махачкалы і Азова, а хадзіла туды з іранскіх портаў Амірабад і Анзелі.

Медыя нагадала, што ў 2023 годзе CNN пісаў, што менавіта паміж Астраханню і іранскімі портамі Амірабад і Анзелі праходзіць асноўны маршрут верагодных марскіх паставак зброі з Ірана ў РФ.

Паводле звестак The Wall Street Journal, гэтым маршрутам у Расію дастаўлялі сотні тысяч артылерыйскіх снарадаў і іншыя боепрыпасы.

У сацсетках публікуюць фота нібыта судна, што тоне, аднак аўтэнтычнасць выявы не пацверджаная.

Апошнія навіны