Вялікабрытанія выводзіць вайскоўцаў з авіябазы ў Катары разам з ЗША
- 14.01.2026, 22:27
Ці рыхтуе Вашынгтон удар па Ірану?
З авіябазы Аль-Удэйд у Катары пакідаюць не толькі амерыканскія, але і брытанскія вайскоўцы.
Пра гэта паведамляе The i Paper.
Выданне адзначае, што вайскоўцы Каралеўскіх ВПС Вялікабрытаніі (RAF) былі размешчаныя на базе Аль-Удэйд разам з амерыканскімі сіламі.
Журналісты ўдакладняюць, што самалёт-запраўшчык RAF вылецеў з авіябазы Акротыры на Кіпры ў напрамку базы Аль-Удэйд, аднак даныя палёту паказвалі, што затым ён разгарнуўся назад у бок Еўропы.
Аль-Удэйд — найбуйнейшая база ЗША ў рэгіёне, на якой размешчаныя каля 10 000 амерыканскіх вайскоўцаў. У чэрвені 2025 года яна падверглася ўдару іранскіх ракет пасля амерыканскага ўдару па іранскіх ядзерных аб’ектах.
У мінулым годзе частка персаналу і членаў іх сем’яў была выведзена з амерыканскіх баз на Блізкім Усходзе за тыдзень да таго, як ЗША нанеслі авіяўдары па Ірану.