На Кіпры знайшлі цела зніклага экс-кіраўніка «Уралкалію»
- 14.01.2026, 19:53
У 2013 годзе яго затрымлівалі па скандальнай справе ў Мінску.
На Кіпры выявілі цела экс-кіраўніка «Уралкалію» Уладзіслава Баумгертнера, паведамляюць «Фонтанка» і Protagon са спасылкай на крыніцы. Philenews піша, што следчыя чакаюць канчатковага пацвярджэння, што выяўленае цела належыць Баумгертнеру.
Цела знайшлі на цяжкадаступным участку ўзбярэжжа, адзначае Philenews.
Баумгертнер знік тыдзень таму, 7 студзеня.
Нагадаем, калі ў 2013 годзе ён прыляцеў у Беларусь па запрашэнні тагачаснага прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, яго арыштавалі. Трымалі ў СІЗА КДБ.
Яго арышту папярэднічаў беларуска-расійскі калійны канфлікт, які пачаўся пасля таго, як «Уралкалій» абвясціў пра спыненне продажаў праз сумеснае з Беларуссю ЗАТ «Беларуская калійная кампанія». Праз гэтага трэйдара ажыццяўлялі продажы і «Уралкалій», і дзяржаўнае прадпрыемства «Беларуськалій». Пры гэтым абодва бакі абвінавачвалі адзін аднаго ў неўзгодненых продажах у абыход БКК.
Першапачаткова Баумгертнера абвінавацілі ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, затым абвінавачанне было дапоўнена крадзяжом. Пасля бізнесмена дэпартавалі ў Расію, дзе ў дачыненні да яго таксама было ўзбуджана крымінальная справа. Пазней справу закрылі «ў сувязі з адсутнасцю ў яго дзеяннях складу злачынства».
У 2015–2017 гадах Баумгертнер працаваў на пасадзе генеральнага дырэктара партоўнай кампаніі Global Ports. Потым узначальваў швейцарскую кампанію Alevo.