BE RU EN

WSJ: Кітай падвёў іранскіх аяталаў

  • 14.01.2026, 13:18

Пекін не збіраецца падстаўляцца пад санкцыі.

На тле масавых пратэстаў і паглыблення эканамічнага крызісу Іран усё больш выразна адчувае недахоп падтрымкі з боку свайго галоўнага саюзніка — Кітая. Нягледзячы на шматгадовыя партнёрскія адносіны, Пекін дзейнічае стрымана і пазбягае крокаў, якія маглі б істотна падтрымаць Тэгеран, піша The Wall Street Journal (пераклад — сайт Charter97.org).

Дадатковы націск узмацніла заява прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аб намеры ўвесці 25-працэнтныя пошліны супраць краін, што вядуць бізнес з Іранам. Хоць механізм рэалізацыі меры не быў патлумачаны, яна патэнцыйна пагражае гандлёвым дамоўленасцям ЗША і Кітая. Пекін асудзіў ініцыятыву, заявіўшы пра непрыманне «незаконных аднабаковых санкцый», аднак абмежаваўся дыпламатычнымі фармулёўкамі.

Кітай застаецца найбуйнейшым гандлёвым партнёрам Ірана і, паводле ацэнак, купляе да 90% іранскага экспарту нафты, часта абыходзячы санкцыі з дапамогай непразрыстых схем. Тым не менш для Кітая гэты аб’ём складае толькі каля 12% яго нафтавага імпарту і не з’яўляецца крытычным. Агульны таваразварот з Іранам — толькі нязначная частка каласальнага знешняга гандлю КНР.

Эксперты адзначаюць асіметрыю адносін: для Пекіна Іран — адзін з інструментаў доступу да энергарэсурсаў і Блізкага Усходу, тады як для Тэгерана Кітай — амаль адзіны эканамічны «выратавальны круг» ва ўмовах санкцый. Аднак, як падкрэсліваюць аналітыкі, гэтая падтрымка не здольная цалкам стабілізаваць іранскую эканоміку.

Абмежаванасць кітайскай дапамогі стала асабліва заўважнай падчас нядаўніх хваляванняў і пасля удараў ЗША і Ізраіля па Іране, калі саюзнікі па нефармальнай восі з Расеяй і КНДР не аказалі рэальнай дапамогі. Нават маштабная дамова аб 25-гадовым эканамічным супрацоўніцтве, падпісаная ў 2021 годзе, пакуль дала сціплыя вынікі.

На гэтым фоне ў самім Кітаі ўсё гучней гучыць крытыка чаканняў Тэгерана. Як адзначаюць кітайскія каментатары, Пекін не мае намеру «падстаўляцца» пад санкцыі дзеля Ірана — і гэта ясна паказвае межы іх партнёрства.

Апошнія навіны