Bloomberg: Уіткоф і Кушнер адпраўляюцца ў Маскву
- 14.01.2026, 12:09
Для новай сустрэчы з Пуціным.
Пасланнікі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Стыў Уіткоф і Джарэд Кушнер плануюць у найбліжэйшай будучыні адправіцца ў Маскву для сустрэчы з лідарам Расіі Уладзімірам Пуціным, паведамляе Bloomberg са спасылкай на свае крыніцы.
Паводле інфармацыі суразмоўцаў выдання, сустрэча можа адбыцца ў гэтым месяцы. У той жа час планы яшчэ не канчаткова зацверджаныя, і тэрміны могуць быць зрушаныя з-за падзей у Іране.
Прадстаўнік Белага дома заявіў, што на дадзены момант такая сустрэча не запланавана. Крэмль не адказаў на запыт аб каментары.
Як адзначыла адна з крыніц, пакуль невядома, наколькі Пуцін зацікаўлены ў другой сустрэчы з гэтай парай, і гэта, відавочна, з'яўляецца галоўнай перашкодай для прызначэння даты.
Па словах іншых крыніц, амерыканскія чыноўнікі прадставяць Пуціну і яго камандзе апошнія праекты планаў.
Чакаецца, што абмеркаванні закрануць гарантыі бяспекі, якія ЗША і Еўропа прадаставяць Украіне для забеспячэння выканання любога мірнага пагаднення, а таксама пасляваеннае аднаўленне краіны.
Уіткоф і Кушнер у снежні ўжо наведвалі Маскву і сустракаліся з Пуціным. Тады перамовы доўжыліся амаль пяць гадзін, але не прывялі да прарыву. Уіткоф сустракаўся з Пуціным у Расіі шэсць разоў летась.