ЗША падрыхтаваліся захапіць яшчэ дзясяткі звязаных з Венесуэлай танкераў
- 14.01.2026, 11:17
Яны або знаходзяцца пад санкцыямі, або ўваходзяць у «ценявы флот» РФ.
Улады ЗША звярнуліся ў амерыканскія суды па ордэры на арышт дзясяткаў танкераў, што перавозяць венесуэльскую нафту, паведамілі Reuters інфармаваныя крыніцы. Паводле іх слоў, дакладная колькасць зваротаў, а таксама колькі з іх было задаволена, невядома. Да гэтага амерыканскі ўрад таксама звяртаўся ў суды, галоўным чынам у Вашынгтоне, акруга Калумбія, каб атрымаць дазволы на канфіскацыю маёмасці, а пасля канфіскоўваў нафтавыя танкеры.
За апошнія тыдні Узброеныя сілы і Берагавая ахова ЗША затрымалі ў міжнародных водах пяць суднаў, якія перавозілі нафту з Венесуэлы. Пры гэтым перахопленыя танкеры або знаходзіліся пад санкцыямі ЗША, або ўваходзілі ў «ценявы флот» нерэгуляваных суднаў, якія маскіруюць сваё паходжанне для перавозкі нафты з Ірана, Расіі і Венесуэлы. Вашынгтон, як адзначаюць крыніцы Reuters, накіраваны як на канфіскацыю такіх суднаў, так і на канфіскацыю іх грузаў, хаця раней амерыканскія праваахоўнікі забіралі толькі нафтавы груз.
У сярэдзіне снежня 2025 года прэзідэнт ЗША Дональд Трамп увёў блакаду ўсіх танкераў, якія трапляюць пад санкцыі і накіроўваюцца ў Венесуэлу. Пасля захопу 3 студзеня прэзідэнта краіны Нікаласа Мадура і ягонай жонкі кіраўнік Белага дома заявіў, што часовыя ўлады Венесуэлы перададуць Вашынгтону ад 30 да 50 млн барэляў санкцыйнай нафты, якая будзе прададзеная па рынкавай цане. Трамп адзначыў, што ён асабіста пракантралюе далейшыя аперацыі са сродкамі, атрыманымі ад продажу, каб іх выкарыстоўвалі «ў інтарэсах народа Венесуэлы і Злучаных Штатаў». Пры гэтым, паводле яго слоў, блакада ў дачыненні да санкцыйных танкераў застаецца ў сіле.
Венесуэлу могуць пакідаць толькі тыя судны, якія былі ўхваленыя ЗША, удакладняла прэс-сакратарка Белага дома Кэролайн Левітт. «Мы працягнем захопліваць судны без дзяржаўнай прыналежнасці або тыя, якія не атрымалі дазволу на вядзенне гандлю», — патлумачыла яна.
Прадстаўнік Пентагона Шон Парнелл таксама падкрэсліў, што вайскоўцы разам з іншымі ведамствамі і службамі ЗША «будуць адсочваць і перахопліваць усе судны ценявога флоту, якія перавозяць венесуэльскую нафту».