BE RU EN

Прэм’ер Грэнландыі: Калі нам давядзецца выбіраць паміж ЗША і Даніяй, мы выбіраем Данію

  • 13.01.2026, 23:02

Енс-Фрэдэрык Нільсен правёў сумесную прэс-канферэнцыю з прэм’ер-міністрам Даніі.

Прэм’ер Грэнландыі Енс-Фрэдэрык Нільсен заявіў 13 студзеня, што жыхары вострава выбралі б Данію, а не ЗША, калі б іх папрасілі зрабіць такі выбар. Пра гэта ён сказаў на сумеснай з прэм’ер-міністрам Даніі Мэтэ Фрэдэрыксен прэс-канферэнцыі ў Капенгагене, паведаміла BBC.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заяўляў 9 студзеня, што ЗША павінны валодаць Грэнландыяй, каб яе не змагла захапіць краіна-агрэсар Расія або Кітай.

Як адзначыла BBC, ЗША ўжо маюць больш за 100 вайскоўцаў, пастаянна размешчаных на базе на паўночным захадзе Грэнландыі (з часоў Другой сусветнай вайны).

Паводле дзеючых пагадненняў з Даніяй, ЗША маюць права ўводзіць у Грэнландыю, якая з’яўляецца датскай аўтаноміяй, столькі войскаў, колькі спатрэбіцца.

На прэс-канферэнцыі ў Капенгагене Фрэдэрыксен асудзіла «абсалютна непрымальны ціск з боку найбліжэйшага саюзніка» – ЗША.

Прэм’ер Даніі папярэдзіла, што «ёсць шмат прыкмет» таго, што «самая складаная частка яшчэ наперадзе».

У той жа час прэм’ер Грэнландыі заявіў, што яны «сутыкнуліся з геапалітычным крызісам».

«Калі нам давядзецца выбіраць паміж Злучанымі Штатамі і Даніяй тут і цяпер, мы выбіраем Данію, – падкрэсліў Нільсен. – Адно павінна быць зразумела ўсім. Грэнландыя не жадае належаць ЗША. Грэнландыя не жадае быць пад кіраваннем ЗША. Грэнландыя не жадае быць часткай ЗША».

Саюзнікі Даніі па НАТА – асноўныя еўрапейскія краіны, а таксама Канада – на гэтым тыдні выказалі Капенгагену падтрымку.

Апошнія навіны