Пад Бабруйскам казуля пагрэлася ў кабіне трактара
- 13.01.2026, 15:18
Фотафакт.
Незвычайная сустрэча адбылася нядаўна ў работнікаў Любоніцкага лясніцтва ў Магілёўскай вобласці. Падчас расчышчання дарог пасля моцных снегападаў каля пасёлка Крапіўка Бабруйскага раёна з лесу да людзей выйшла казуля. Звычайна асцярожная і палохлівая жывёла на дзіва смела падышла да людзей і нават згадзілася на фотасесію — проста ў кабіне трактара.
«Адразу стала зразумела, што звер галодны. Пакармілі хлебцам. І аказалася, што казуля нават не супраць пагрэцца ў кабіне», — распавялі ляснікі раённай газеце «Кіравец». У пацвярджэнне яны апублікавалі здымкі: на фота казуля ўтульна ўладкавалася ў кабіне працоўнага трактара «Беларус».