Пасла РФ выклікалі ў МЗС Арменіі з-за заяў Салаўёва
- 13.01.2026, 12:21
Прапагандыст заклікаў пачаць «СВА» супраць Арменіі.
У Міністэрства замежных спраў Арменіі 12 студзеня быў выкліканы пасол РФ для атрымання ноты пратэсту, у якой афіцыйны Ерэван выказвае абурэнне нядаўнімі заявамі расійскага прапагандыста Уладзіміра Салаўёва.
Пра гэта заявіла ў каментары «Радыё Азатутюн» прэс-сакратар МЗС Арменіі Ані Бадалян.
Нядаўна расійскі прапагандыст у сваёй праграме «Вечар з Уладзімірам Салаўёвым» заявіў пра неабходнасць пачаць «спецыяльную ваенную аперацыю» ў Арменіі, па прыкладзе Украіны.
«Калі для нашай нацыянальнай бяспекі было неабходна пачаць спецыяльную ваенную аперацыю на тэрыторыі Украіны, дык чаму па тых жа прычынах мы не можам пачаць спецыяльную ваенную аперацыю ў іншых кропках нашай сферы ўплыву?» – заявіў Салаўёў.
Як адзначыла Бадалян, паслу РФ «было падкрэслена, што гэта з'яўляецца недапушчальным пасяганнем на суверэнітэт Рэспублікі Арменія і варожым актам, а таксама грубым парушэннем асноўных прынцыпаў сяброўскіх адносін паміж Арменіяй і Расіяй».
Варта адзначыць, што на працягу ўжо двух гадоў на тэрыторыі Арменіі забаронена трансляцыя тэлепраграм Уладзіміра Салаўёва.