Мерц: Рэжым у Іране дажывае апошнія дні
- 13.01.2026, 12:10
Канцлер Германіі пахваліў мужнасць дэманстрантаў.
Нямецкі канцлер Фрыдрых Мерц лічыць, што рэжым у Іране неўзабаве ўпадзе.
Яго заяву ў аўторак цытуе Tagesschau.
Выступаючы падчас візіту ў Індыю, Мерц чарговы раз заклікаў іранскія ўлады спыніць гвалт супраць дэманстрантаў.
«Калі рэжым можа ўтрымлівацца пры ўладзе толькі з дапамогай гвалту, то з ім фактычна пакончана. Я лічу, што мы цяпер назіраем апошнія дні і тыдні гэтага рэжыму», — сказаў кіраўнік урада Германіі падчас свайго візіту ў Індыю.
Напярэдадні Мерц асудзіў гвалт з боку іранскіх сіл бяспекі супраць мірных дэманстрантаў, назваўшы яго «непрапарцыйным» і «жорсткім».
«Я заклікаю іранскае кіраўніцтва абараніць сваё насельніцтва, а не пагражаць яму», — сказаў ён.
Мерц пахваліў мужнасць дэманстрантаў, якія мірна патрабуюць свабоды ў сваёй краіне. Ён падкрэсліў, што гэта іх права.
Тым часам кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Кая Каллас заявіла, што ЕС можа ўвесці новыя санкцыі супраць Ірана пасля жорсткага падаўлення антыўрадавых пратэстаў, у выніку чаго маглі загінуць сотні людзей.