«Фіговы лісток Крамля»: Расію паставілі на месца ў Савеце Бяспекі ААН
- 13.01.2026, 11:57
На самай справе карты ў Пуціна надзвычай слабыя.
Пастаянны прадстаўнік Украіны пры ААН Андрэй Мельнік заявіў, што ўдарам балістычнай ракеты сярэдняй далёкасці «Арэшнік» па Львоўскай вобласці краіна-агрэсар Расія хацела запалохаць саюзнікаў Кіева.
Пра гэта Мельнік сказаў падчас пасяджэння Савета Бяспекі ААН, якое склікалі пасля ўдару РФ па Украіне 9 студзеня, паведамляе «Радыё Свабода».
Ён заявіў, што Расія наўмысна дачакалася моцных маразоў, каб нанесці ўдар па ўкраінскіх аб’ектах энергетычнай інфраструктуры.
«Жудасным наступствам расійскіх жорсткіх атак стала тое, што мільёны мірных украінцаў, уключаючы маю сям’ю ў Кіеве, на некалькі дзён засталіся без электрычнасці, ацяплення, водазабеспячэння ў той час, калі тэмпература ноччу набліжаецца да мінус 20 градусаў», — адзначыў Мельнік.
Дыпламат назваў «новым узроўнем эскалацыі» ўдар ракетай «Арэшнік» па Львоўскай вобласці, а тлумачэнні пра нібыта ўкраінскую атаку на рэзідэнцыю расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна — фальшывымі.
«Сапраўдная мэта расійскага ўдару жахліва відавочная: запалохванне саюзнікаў і партнёраў Украіны. Пуцін захоўвае ідэальны “покерфэйс”, робячы выгляд, што мае туз у рукаве. На самай справе карты ў Расіі надзвычай слабыя. Крэмль калісьці надзімаў шчокі і дэманстраваў сілу, але ўсё гэта — толькі фіговы лісток, які хавае слабасць расійскай ваеннай машыны, што неадваротна набліжаецца да крытычнай кропкі. Тое, што Расія спрабуе выдаваць за сваю сілу, насамрэч з’яўляецца праявай уразлівасці», — лічыць ён.
Мельнік адзначыў, што РФ знаходзіцца ў працяглай эканамічнай стагнацыі, а сітуацыя будзе толькі пагаршацца з-за чаканага профіцыту нафты ў свеце ў 2026 годзе.
Акрамя таго, пастаянны прадстаўнік Украіны пры ААН дадаў, што страты расійскай арміі на фронце прыпадаюць на ключавую працаздольную і рэпрадуктыўную групу: мужчын ва ўзросце ад 20 да 39 гадоў.
«Мінулым годам Расія ў сярэднім страчвала 1200 салдат у дзень. Падчас гэтага надзвычайнага пасяджэння Савета Бяспекі, верагодна, каля 100 расійскіх салдат страцяць жыццё», — сказаў дыпламат.
Паводле яго слоў, эканамічныя цяжкасці штурхаюць Расію да ультыматумаў і запалохвання міжнароднай супольнасці, каб яна прыняла яе ўмовы заканчэння вайны.
Мельнік таксама абвінаваціў краіну-агрэсара ў наўмысным зрыве мірных ініцыятыў ЗША.