BE RU EN

«Пуцін становіцца ўсё больш адчайным»

  • 13.01.2026, 10:32

Экс-афіцэр брытанскай арміі высмеяў расійскі «танк-кульбаба».

Міністэрства абароны Расіі прадэманстравала новую мадыфікацыю танка з дадатковай металічнай абаронай, неафіцыйна названую «танк-кульбаба». Машыну падаюць як спробу павысіць жыўляучасць бранятэхнікі ва ўмовах масавага прымянення ўкраінскіх беспілотнікаў.

Як піша былы афіцэр брытанскай арміі, ваенны аналітык Гэміш дэ Брэттан-Гордан у калонцы для (The Telegraph https://www.telegraph.co.uk/news/2026/01/12/russia-dandelion-tank-low-tech-feeble-solution-drones/), з’яўленне такой канструкцыі звязана з маштабнымі стратамі расійскіх танкаў у вайне супраць Украіны, якія, паводле адкрытых крыніц, перавысілі 6 тысяч адзінак.

«Абсурдны расійскі “танк-кульбаба” паказвае, наколькі адчайным становіцца Пуцін», — адзначае аўтар.

Імправізаваная абарона замест тэхналогій

«Кульбаба» стала чарговым варыянтам імправізаванай абароны пасля так званых «чарапахавых» і «вожыкавых» танкаў — машын, абшытых металічнымі лістамі, рашоткамі і шыпамі. Усе гэтыя рашэнні маюць на мэце зменшыць эфектыўнасць удараў FPV-дронаў і боепрыпасаў з верхняй паўсферы.

У той жа час, сцвярджае эксперт, такія канструкцыі:

ўскладняюць прыцэльную стральбу з асноўнай гарматы;

значна павялічваюць габарыты танка, робячы яго больш прыкметным;

зніжаюць мабільнасць і манеўранасць машыны;

могуць палягчаць выяўленне і паражэнне бранятэхнікі.

Кантраст з падыходам Захаду

У адрозненне ад Расіі, краіны НАТА робяць стаўку на радыёэлектронную барацьбу і сістэмы актыўнай абароны, здольныя перахопліваць дроны і ракеты яшчэ ў паветры. Падобныя сістэмы ўжо выкарыстоўваюцца, у прыватнасці, Ізраілем, і плануюцца да ўсталявання на перспектыўныя заходнія танкі.

Сучасная бранятэхніка павінна спалучаць агнявую моц, абарону і мабільнасць, тады як празмернае навешванне металічных канструкцый падрывае ўсе тры складнікі.

«Мабільнасць, вырашальны фактар у танкавай вайне, паралізуецца дадатковай вагой, аб’ёмам і патэнцыялам да зачаплення: на танку-«кульбабе» будзе амаль немагчыма “праскочыць” — мастацтва незаўважнага манеўравання праз лес і глухую мясцовасць, каб нанесці ўдар па ворагу», — адзначае аўтар.

Расійская армія ўсё часцей выкарыстоўвае састарэлую тэхніку і тактыкі, тады як Украіна, пры ўмове дастатковых паставак сучаснага ўзбраення, захоўвае патэнцыял для далейшага знясілення праціўніка.

З’яўленне «танка “Кульбаба”», паводле ацэнак эксперта, стала не столькі прарывам, колькі сведчаннем адаптацыі Расіі да дэфіцыту тэхнікі і страт на фронце.

Апошнія навіны