Супертанкеры Кітая, якія накіроўваліся па венесуэльскую нафту, разгарнуліся пасярод Атлантыкі
- 13.01.2026, 9:31
Гэта сведчыць пра працяг блакады з боку ЗША.
Два супертанкеры пад кітайскім сцягам, якія накіроўваліся ў Венесуэлу, каб забраць грузы сырой нафты, разгарнуліся і вярнуліся ў Азію. Як піша (Reuters https://www.reuters.com/world/china/supertankers-that-would-pick-up-debt-paying-venezuelan-oil-cargoes-china-make-u-2026-01-12/), пра гэта паведаміла LSEG, глабальны пастаўшчык даных пра цэны на нафту і энергетычныя рынкі.
Адзначаецца, што гэта сведчыць пра працяг блакады Венесуэлы з боку ЗША і немагчымасць прадаваць нафту асноўнаму пакупніку.
Вельмі буйныя нафтаналіўныя танкеры Xingye і Thousand Sunny, якія не знаходзяцца пад санкцыямі, стаялі на якары ў Атлантычным акіяне на працягу некалькіх тыдняў. Гэтыя судны ўваходзяць у групу з трох супертанкераў, якія ходзяць толькі па маршруце Венесуэла—Кітай для перавозкі сырой нафты.
Як нагадала выданне, Венесуэла прадае нафту Кітаю для пагашэння агульнага доўгу. Кітай выдаў ёй значны крэдыт пасля таго, як ЗША ўвялі энергетычныя санкцыі супраць Венесуэлы ў 2019 годзе. Кітай прадаставіў льготны перыяд па ўнясенні асноўнага доўгу і дамовіўся з Каракасам пра часовае пагадненне, паводле якога абслугоўванне запазычанасці будзе кампенсавацца грузамі сырой нафты.
Дзяржаўная нафтагазавая кампанія Венесуэлы PDVSA паведамляла, што летась менавіта Кітай быў пакупніком №1: у яго экспартавалася каля 642 000 барэляў за суткі, што складала тры чвэрці ад агульнага аб’ёму экспарту ў 847 000 барэляў за суткі.
«Львіная доля гэтага экспарту ў Кітай трапляла на незалежныя кітайскія нафтаперапрацоўчыя заводы, імі гандлявалі малавядомыя пасярэднікі, тады як нафтавыя грузы, накіраваныя ў Кітай для абслугоўвання запазычанасці, складалі нязначную частку ад агульнай колькасці», — гаворыцца ў артыкуле.
Выданне нагадала, што на мінулым тыдні ЗША абвясцілі пра пагадненне аб экспарце да 50 мільёнаў барэляў венесуэльскай нафты, затрыманай у сховішчах. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Кітай не будзе пазбаўлены венесуэльскай сырой нафты. Але Кітай яшчэ не атрымліваў ніякіх грузаў з Венесуэлы з мінулага месяца, паколькі Вашынгтон сцвярджае, што нафтавае эмбарга застаецца ў сіле.