Дзярждэпартамэнт заклікаў грамадзян ЗША неадкладна пакінуць Іран
- 13.01.2026, 8:11
Пратэсты па ўсёй краіне ўзмацняюцца.
Дзярждэпартамэнт ЗША і віртуальнае пасольства ў Тэгеране звярнуліся з заклікам да сваіх грамадзян неадкладна пакінуць краіну.
Пра гэта паведамляюць Clash Report і сайт віртуальнага пасольства ЗША ў Іране.
Папярэджанне было выдадзена ў панядзелак, калі ў Іране пачаўся трэці тыдзень антыўрадавых дэманстрацый, у выніку якіх, паводле праваабарончых арганізацый і СМІ, сотні людзей загінулі, а тысячы былі затрыманыя.
У прыватнасці, у заяве пасольства сказана, што пратэсты па ўсім Іране ўзмацняюцца і могуць перарасці ў гвалт, што прывядзе да арыштаў і раненняў.
Акрамя таго, працягваюцца ўзмоцненыя меры бяспекі, перакрыцце дарог, збоі ў працы грамадскага транспарту і блакіроўка інтэрнэту. Таксама ўрад Ірана абмежаваў доступ да мабільнай, стацыянарнай і нацыянальнай інтэрнэт-сеткі.
Авіякампаніі таксама працягваюць абмяжоўваць або адмяняць рэйсы ў Іран і з Ірана. Пры гэтым некалькі кампаній прыпынілі палёты да пятніцы, 16 студзеня.
«Грамадзянам ЗША варта чакаць далейшых перабояў у працы інтэрнэту, спланаваць альтэрнатыўныя сродкі сувязі і, калі гэта бяспечна, разгледзець магчымасць выезду з Ірана па сушы ў Арменію або Турцыю», — падкрэслілі ў пасольстве.
Таксама там прапісалі шэраг дзеянняў для грамадзян ЗША:
неадкладна пакінуць Іран, распрацаваць план выезду з краіны;
калі няма магчымасці пакінуць Іран, варта знайсці бяспечнае месца ўнутры свайго дому або ў іншым бяспечным будынку;
запасціся ежай, вадой, лекамі і іншымі неабходнымі рэчамі;
пазбягаць дэманстрацый, паводзіць сябе непрыкметна і быць уважлівымі да свайго акружэння;
сачыць за мясцовымі СМІ, каб быць у курсе апошніх навін і быць гатовымі карэктаваць свае планы;
трымаць тэлефон зараджаным і падтрымліваць сувязь з сям’ёй і сябрамі, каб паведамляць ім пра свой стан;
зарэгістравацца ў праграме STEP, каб атрымліваць найноўшую інфармацыю ў сферы бяспекі ў Іране.
Таксама віртуальнае пасольства ЗША выдала папярэджанне для грамадзян, якія збіраюцца пакінуць краіну. У прыватнасці, асобам, якія маюць грамадзянствы і ЗША, і Ірана, трэба выязджаць з краіны па іранскіх пашпартах.
«Іранскі ўрад не прызнае падвойнае грамадзянства і будзе разглядаць асоб з падвойным грамадзянствам ЗША і Ірана выключна як грамадзян Ірана. Грамадзяне ЗША падвяргаюцца значнай рызыцы допыту, арышту і затрымання ў Іране. Прад’яўленне амерыканскага пашпарта або доказ сувязяў з Злучанымі Штатамі можа стаць дастатковай падставай для затрымання чалавека іранскімі ўладамі», — гаворыцца ў публікацыі.
Таксама там дадалі, што ўрад ЗША не можа гарантаваць бяспеку сваіх грамадзян, калі яны прымуць рашэнне пакінуць краіну. У пасольстве падкрэслілі, што людзям варта выязджаць толькі ў тым выпадку, калі яны лічаць гэта бяспечным.
Пратэсты ў Іране і планы Трампа
Нагадаем, што першыя акцыі пратэсту пачаліся 28 снежня. Прычынай стала рэзкае падзенне курсу нацыянальнай валюты, што ўдарыла па бізнэсе. Менавіта з-за гэтага на вуліцы выйшлі гандляры цэнтральнага рынку Тэгерана.