У Мінску ў канале Сляпянскай сістэмы знайшлі загінулую дзяўчыну
- 12.01.2026, 18:05
Яе адзенне падобнае да адзення Яны Кастрэнкавай — дачкі дырэктара буйнога агракамплексу.
Загінулую дзяўчыну выявілі ў адным з каналаў Сляпянскай сістэмы ў Мінску раніцай 12 студзеня, паведаміў АСВОД.
«Сёння днём у акваторыі Сляпянскай воднай сістэмы пры правядзенні сумесных пошукавых работ МУС, МНС і АСВОД знойдзена загінулая дзяўчына», — паведамілі ў АСВОД.
У гэтым жа раёне на 9 студзеня планаваўся пошук зніклай 30 снежня Яны Кастрэнкавай, аднак з-за складаных умоў надвор'я яго адмянілі, піша «Зеркало».
У Следчым камітэце пасля выяўлення цела каля дома на Філімонава паведамілі, што на ім няма бачных цялесных пашкоджанняў.
«Адзенне, што знаходзілася на ёй, паводле вонкавых прыкмет, падобнае да таго, у якое была апранутая зніклая напярэдадні Яна Кастрэнкава», — распавялі ў СК.
Дакладныя звесткі пра асобу загінулай будуць атрыманыя пасля правядзення апазнання. Прызначана судова-медыцынская экспертыза для высвятлення дакладнай прычыны смерці дзяўчыны.
Нагадаем, пасты пра знікненне 21-гадовай Яны актыўна разыходзіліся па сацсетках. Дзяўчына — дачка дырэктара буйнога агракамплексу. Апошні раз на сувязь яна выходзіла 30 снежня, з таго часу блізкія не ведалі пра яе месцазнаходжанне.
У другой палове дня 30 снежня дзяўчыну заўважылі паблізу сталічных вуліц Філімонава і Макаёнка.