Прынц Ірана заявіў аб новым этапе паўстання
- 12.01.2026, 13:03
Рэза Пехлеві заклікаў пратэстоўцаў захопліваць дзяржаўныя ўстановы і пасольствы.
Сын былога шаха Ірана і спадкаемец трона Рэза Пехлеві заклікаў іранцаў захопліваць дзяржаўныя ўстановы унутры краіны і пасольствы па ўсім свеце.
На сваёй старонцы ў X ён апублікаваў зварот, у якім абвясціў пра пачатак «новага этапу нацыянальнага паўстання» з мэтай звяржэння рэжыму Ісламскай Рэспублікі.
Пехлеві заклікаў лічыць «законнымі мэтамі» усе ўстановы, якія адказныя за прапаганду рэжыму і адключэнне сувязі.
Паводле яго слоў, работнікі дзяржаўных устаноў, а таксама члены ўзброеных сіл і сіл бяспекі павінны зрабіць выбар: «стаць на бок народа або ўдзельнічаць у забойстве ўласнага народа».
Акрамя таго, ён заклікаў іранцаў, што жывуць за мяжой, захопліваць дыпламатычныя ўстановы Ірана.
«Усе іранскія пасольствы і консульствы належаць іранскаму народу. Прыйшоў час упрыгожыць іх нацыянальным сцягам Ірана замест ганьбоўнага сцяга Ісламскай Рэспублікі», — падкрэсліў Пехлеві.