BE RU EN

Зяленскі: Трэба спыніць Расію

  • 12.01.2026, 5:34

Расійскае вар'яцтва можна спыніць толькі аб'яднанымі сіламі.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пракаментаваў той факт, што поўнамаштабная вайна Расіі супраць Украіны цягнецца ўжо 1418 дзён — столькі ж, колькі вайна нацысцкай Германіі супраць СССР.

У вечаровым звароце ў нядзелю, 11 студзеня, кіраўнік дзяржавы сказаў, што заслухаў даклад сакратара Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Рустэма Умерава адносна перамоваў з амерыканскім бокам. Паводле яго слоў, Украіна плануе графік сустрэч і далейшых перамоваў і «максімальна канструктыўная і хуткая» ў гэтым накірунку. Зяленскі падкрэсліў, што Украіна не цягне час, у адрозненне ад Расіі, якая «дацягнулася» да таго, што яе поўнамаштабная вайна параўнялася па працягласці з вайной нацыстаў супраць СССР.

«Сёння 1418-ы дзень вайны Расіі супраць Украіны. Яны хацелі паўтарыць — і паўтарылі здзекаванне з людзей, паўтарылі фашызм, паўтарылі амаль усё і найгоршае, што было ў ХХ стагоддзі. Нават дадаткова „накрэатывілі“ вайну „шахедамі“ і балістыкай супраць электрастанцый і кацельняў», — сказаў прэзідэнт.

Ён дадаў, што акупанты дагэтуль спрабуюць захапіць той самы Данбас, што і чатыры гады таму, і па-ранейшаму ваююць супраць адзінай Украіны.

«Гэта шмат што кажа пра тую сістэму, якую пабудаваў Пуцін, і проста пра яго асабіста. Расійскія страты цяпер штодня складаюць не менш як 1000 забітых — так са снежня, і гэта Расія фактычна плаціць за тое, каб вайна не заканчвалася. Гэта вар'яцтва. І гэта расійскае вар'яцтва можна спыніць толькі аб'яднанымі сіламі — сіламі Еўропы і Злучаных Штатаў Амерыкі, сіламі ўсіх нашых партнёраў. Кожны дзень вайны — гэта напамін, што свет не можа агарадзіць сябе ад вар'ятаў. Трэба абараніць. Трэба спыніць Расію», — падкрэсліў Зяленскі.

Апошнія навіны