Вялікабрытанія перадасць Украіне ракету, здольную дастаць да Масквы
- 12.01.2026, 6:03
Лондан мае намер пачаць вытворчасць у найбліжэйшы час.
Вялікабрытанія ў найбліжэйшы час мае намер распачаць вытворчасць для Украіны ракет Nightfall, дальнасць палёту якіх дасягае 300 міль (прыблізна 500 км). Як паведамляе Daily Mail са спасылкай на міністра абароны Джона Хілі, цяпер Міністэрства абароны Вялікабрытаніі шукае кампаніі, якія вырабяць першыя тры ракеты агульным коштам 9 млн фунтаў стэрлінгаў.
Паводле розных ацэнак, Nightfall зможа несці да 300 кг выбухоўкі і будзе крыху цяжэйшая за амерыканскую ATACMS. Пры гэтым чакаецца, што каштаваць яна будзе менш.
Перавагай сістэмы, пра якую ўпершыню стала вядома ў жніўні, называюць высокую хуткасць. Ад запуску да прылёту, як мяркуецца, павінна прайсці не больш за 10 хвілін. Пры гэтым экіпаж пускавай устаноўкі зможа змяніць месца дыслакацыі цягам пяці хвілін.
Яшчэ адной перавагай Nightfall называюць яе дакладнасць. Дзякуючы навядзенню з дапамогай сістэмы GPS хібнасць месца прылёту павінна складаць не больш за пяць метраў.
Акрамя Nightfall, брытанцы таксама маюць намер вырабляць для Украіны дроны Octopus, якія павінны будуць перахопліваць расійскія беспілётнікі.