У Мінску стане больш касцёлаў
- 11.01.2026, 15:46
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі распавёў, дзе будуць будаваць новыя храмы.
У Мінску дзейнічае 19 каталіцкіх храмаў. Сярод іх ёсць як тыя, што дасталіся беларусам ад продкаў, напрыклад Архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, касцёл Святога Роха, так і новапабудаваныя святыні — касцёл Святога Францыска Асізскага, касцёл Святога Антонія Падуанскага і іншыя.
Плануецца, што ў Мінску стане больш месцаў, дзе каталіцкія вернікі могуць памаліцца. Пра гэта распавёў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі «Мінск-Навіны».
Арцыбіскуп звярнуў увагу, што 2026 год мае выключнае значэнне для вернікаў:
«У гэтым годзе адзначаецца 35-годдзе аднаўлення каталіцкіх структур. Гэта добрая нагода, каб успомніць ролю касцёла ў развіцці беларускага грамадства, разам з дзяржаўнымі і навуковымі структурамі вызначыць далейшыя перспектывы, а таксама развіваць так званыя касцёлы крокавай даступнасці».
Ужо намечаны планы па будаўніцтве храмаў у Новінках і Ждановічах. Будуць разглядацца і іншыя мікрараёны сталіцы.