«Выхадзьце і чысціце!»: беларусаў штрафуюць за снег на паркоўках
- 11.01.2026, 14:04
ЖКГ прымушае людзей расчышчаць пляцоўкі і рабіць фота.
Беларусь змагаецца з наступствамі цыклону Улі, і на гэтым фоне яшчэ нядаўна тэарэтычнае пытанне аб адказнасці за не прыбраны вакол прыватнага аўтамабіля снег перайшло ў практычную плоскасць. Дык у якіх выпадках і хто будзе штрафаваць? Ці можна пакінуць машыну каля пад'езда «засыпанай», калі нікуды не збіраешся? «Белсат» спытаў у камунальнікаў.
«Вы абавязаныя расчысціць пляцоўку хоць раз на дзень. Баяцеся штрафаў – рабіце фота»
Мінскае ЖКГ апублікавала графік «гарачых ліній», куды можна звяртацца з пытаннямі пра ўборку снегу на прыдамавых тэрыторыях і паркоўках.
Журналістка «Белсату» як гараджанка патэлефанавала ў аддзел Заводскага раёна. Першае пытанне — што рабіць, каб не аштрафавалі, калі снег ідзе амаль увесь дзень, — пастаянна выходзіць у двор з лапатай?
«Так, снег трэба чысціць пастаянна, асабліва пры моцных снегападах, — адказалі па тэлефоне. — Нашы работнікі працуюць, людзі дапамагаюць».
«Бо задача дворнікаў — пешаходныя зоны, а паркавальныя месцы ўладальнікі аўто чысцяць самі, вы за іх не плаціце».
Як распавяла супрацоўніца, у гэтыя дні, калі гарады заваліла, дапамогі чакаюць ад усіх. Але ці будзе парушэннем, калі машына стаіць на месцы, яе ўладальнік нікуды не збіраецца ехаць і не выходзіць прыбіраць снег? Супрацоўніца ЖКГ запэўніла, што штрафу ў такім выпадку не дадуць.
«Таксама, напрыклад, калі двор пусты, а снегу нападала, пакуль усе былі на працы. Але могуць зрабіць папярэджанне, бо ў любым выпадку за паркоўку адказваюць уладальнікі машын, — дадае жанчына і раіць усё ж знаходзіць пяць хвілін на фізічную працу з лапатай. —
Нават калі некалькі дзён нікуды не едзеце, лепш спусціцеся і крыху прыбярыце той снег. Каб вам пасля было прасцей, бо снег будзе ісці яшчэ доўга. А з цягам часу ідзе ўсадка, можа быць абледзяненне, і потым прыбіраць яго цяжэй».
Але ў Партызанскім раёне, куды мы таксама патэлефанавалі як жыхары шматпавярхоўкі, лічаць інакш.
«Вы ўсё адно абавязаныя расчысціць пляцоўку вакол аўто. Нават калі сядзіце дома цэлы дзень», — адказалі ў гэтым ЖКГ.
«А што рабіць, калі снег ідзе цэлы дзень?»
«Ідзяце і чысціце. Раз на дзень пры снегападзе можна пачысціць, на метр адкінуць. Вам жа ніхто не кажа стаяць і пастаянна чысціць гэты снег».
«А можна не прыбіраць, калі нападала зусім мала, літаральна прыпасыпала зямлю?» — цікавімся.
«Выхадзьце і вычышчайце! Наколькі ў вас атрымліваецца. Тое ж самае, калі праехаў трактар і збоку ўтварыўся такі вал, яго таксама трэба прыбіраць. Калі вакол адной машыны яго няма, а побач стаяць заснежаныя, — зразумела ж, хто чысціў, а хто — не», — адказала жанчына.
«Ды і ўвогуле. Калі снегападу няма, вы адзін раз пачысцілі вакол сябе — і ўсё, гэта бачна. Нават калі заўтра крыху яшчэ прыпасыпала. Па меншай меры, калі баіцеся штрафаў, здымайце на тэлефон, каб была бачная дата, што вы прыбіралі на месцы сваёй машыны. І да вас не будзе ніякіх пытанняў, паверце», — параіла яна.
«Вы карыстаецеся агульнымі месцамі, ставіце свае машыны бясплатна»
Спецыяліст Партызанскага ЖКГ дадала, што патрабаванне прыбіраць снег датычыць і сітуацый, калі чалавек едзе ў госці і хоча прыпаркавацца на агульнай пляцоўцы. Адказнасць за ўборку — на ім або на жыхарах з таго боку, які прымае.
«Вы ж разумееце, што барацьба са снегам — справа не толькі ЖКГ. Калі ідзе такі цыклон, падключаюцца ўсе, адкапваюць свае аўтамабілі. Бо калі пойдзе тэхніка зачышчаць, будзе даходзіць да вышыні кола, і людзі звоняць, скардзяцца, што ім машыны засыпалі. А вам не засыпалі, трэба проста чысціць своечасова! Вы ж карыстаецеся агульнымі месцамі, ставіце свае машыны бясплатна — з вас жа за гэта грошы не здымаюцца», — эмоцыйна адказала жанчына.
А што наконт людзей, якія паркуюцца там, дзе ўжо расчыстзілі, але самі снег не прыбіраюць?
Гэта, адказалі ў Заводскім раёне, — віна саміх жыхароў дома і непавага да тых, хто паркоўкі ўсё ж расчышчае. Але камунальнікі з гэтым нічога зрабіць не могуць.
Хто наогул адказвае за пакаранні?
Паводле слоў супрацоўнікаў Партызанскага ЖКГ, непасрэдна назіраць за паркоўкамі і адказваць за штрафы — паўнамоцтвы ЖЭУ.
«Яны будуць хадзіць па тэрыторыі, зразумела, што не сёння, калі такая бура. Але потым будуць правяраць, фатаграфаваць, а потым перадаваць інфармацыю для прызначэння пакарання», — патлумачылі па тэлефоне.
Гэта пацвердзілі ў адным з ЖЭУ гэтага ж раёна, калі мы патэлефанавалі. Паводле слоў суразмоўцы, майстрам ужо далі ўказанні назіраць за паркоўкамі і фатаграфаваць нумары парушальнікаў.
Супрацоўніца мясцовай «гарачай лініі» якраз паскардзілася на «хітрых людзей», якія паркуюцца на ўжо вычышчаных іншымі пляцоўках.
«Трэба прачышчаць снег на метр з кожнага боку, але я адкідваю літаральна на адну лапату, бо вакол іншых машын чысціць не збіраюся! — кажа яна. — Але цяпер пайшлі снягі, дык я не еду на машыне на працу, перасела на грамадскі транспарт: калі выеду са свайго вычышчанага месца, яно адразу будзе занята. Бо ёсць хітрыя: маўляў, я не буду, няхай іншыя чысцяць».
Штрафуюць ужо беларусаў і на якія сумы?
«Калі ўладальнік машыны прызнае сваю віну, даецца па мінімуме. Калі не — у якім памеры прызначыць пакаранне, будзе вырашаць суд», — адзначылі ў Партызанскім ЖКГ.
Супрацоўніца ж Заводскага аддзела адразу напалохала велізарнымі сумамі — што нават для фізічнай асобы пакаранне можа даходзіць да 100 базавых. Як так, калі ў КаАП прапісана — да 25?
«Калі ў вадзіцеля ўжо не першае такое парушэнне на працягу нейкага перыяду, кожны раз штраф будзе павялічвацца. Але першы раз могуць ад адной да пяці, потым — ад пяці да дзесяці і далей», — патлумачыла яна.
Але ў ЖЭУ супакоілі: яшчэ нікога не штрафавалі — ні сёлета, ні раней. І ў бліжэйшыя дні не збіраюцца:
«Выпала столькі снегу! Трэба ж даць людзям час яго прыбраць», — адказала супрацоўніца і запрасіла да тэлефона юрыста.
«Пра практыку, каб штрафавалі, я пакуль па Мінску не чуў. Абавязак чысціць снег ёсць, але пакуль штрафаў ніхто не дае. Гэта пакуль яшчэ на сумленні жыхароў, — пацвердзіў той. — І пакуль ніякай каманды штрафаваць, паверце, нікому не давалі».
«Ваша калега якраз казала, што ўказанні ўжо пайшлі», — перапытваем.
«Я пра гэта яшчэ не чуў. Малаверагодна, што будуць хадзіць і выпісваць пакаранні. Але вы ж самі, як кажуць, не даводзьце да граху. Хоць крыху, але чысціце паркоўкі», — параіў суразмоўца.