Асіст Ляўшунава ўнёс уклад у перамогу «Чыкага» над «Нэшвілам»
- 11.01.2026, 10:27
А дэбютная шайба Салавёва дапамагла «Каларада» перамагчы «Каламбус».
У ноч з 10 на 11 студзеня адбыліся матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ, піша «Трыбуна».
«Бостан» Уладзіслава Калячонка разграміў «Рэйнджэрс» (10:2). Беларус не трапіў у заяўку і прапусціў шостую сустрэчу запар.
«Калгары» Ягора Шаранговіча перайграў «Пітсбург» (2:1). Беларус правёў на лёдзе 15 хвілін 39 секунд, з іх 53 секунды — у большасці і 1 хвіліну 42 секунды — у меншасці, ачкоў нападнік не набраў, нанёс адзін кідок міма варот, дапусціў адну страту і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «+1».
«Каларада» Іллі Салавёва перамог «Каламбус» (4:0). Беларус правёў на лёдзе 11 хвілін 56 секунд, уключаючы 17 секунд у меншасці, набраў 1 (1+0) ачко, закінуўшы першую шайбу ў НХЛ, нанёс два кідкі па варотах (адзін — міма) і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «+2».
«Чыкага» Арцёма Ляўшунава перайграў «Нэшвіл» (3:0). Беларус правёў на лёдзе 23 хвіліны 32 секунды, набраў 1 (0+1) ачко, нанёс 1 кідок па варотах, выканаў 4 сілавыя прыёмы, зрабіў 1 перахоп і завяршыў матч з паказчыкам карыснасці «+1».