Які цыклон мацнейшы: «Хаўер» ці «Улі»?
- 10.01.2026, 20:45
Сіноптыкі параўналі.
Цыклон «Улі» па колькасці ападкаў і прыросце снежнага покрыву пераўзышоў «Хаўера», піша тэлеграм-канал «Метеовайб».
Падчас «Хаўера», 14–16 сакавіка 2013 года, максімальны прырост снежнага покрыву склаў 20–32 см. Найбольш снегу тады выпала на метэастанцыі Палеская. Для параўнання, падчас праходжання «Улі» 8–10 студзеня 2026 года прырост аказаўся вышэйшы — 20–34 см, а лідарам стала метэастанцыя Беразіно. Пры гэтым павелічэнне снежнага покрыву на 10 см і больш закранула значна большую тэрыторыю краіны.
15 сакавіка 2013 года падчас «Хаўера» ў Мазыры і Лельчыцах выпала 37 мм ападкаў за суткі. Аналагічны паказчык быў зафіксаваны 10 студзеня 2026 года ў Магілёве. Аднак, калі ўлічваць ападкі 9 студзеня і ноч на 11-га, сумарная колькасць у Магілёве і Жлобіне дасягнула 43 і 41 мм, што перавышае месячную норму.
Па інтэнсіўнасці ападкаў «Хаўер» усё ж застаецца лідарам. За 12 гадзін у Горках тады выпала 26 мм, у той час як у «Улі» максімум склаў 25 мм у Магілёве.
Падчас «Хаўера» парывы ветру ў Валожыне і Ваўкавыску дасягалі 24 м/с. У «Улі» максімальныя значэнні былі ніжэйшыя — да 19 м/с у Ашмянах.
Вышыня гурб пасля «Хаўера» таксама аказалася большай. 16 сакавіка 2013 года снежны покрыў дасягаў 50–61 см, рэкорд быў зафіксаваны ў Мсціславе. Праўда, сіноптыкі нагадваюць: на момант прыходу «Хаўера» снег у шэрагу рэгіёнаў ужо быў значны — у Мінску яго вышыня складала каля 46 см.
Хто мацнейшы?
Цыклон «Улі» абышоў «Хаўера» па агульнай колькасці ападкаў і прыросце снежнага покрыву, але па інтэнсіўнасці снегападаў і сіле ветру лідарства па-ранейшаму застаецца за «Хаўерам».