BE RU EN

У працы Telegram у Расіі адбыўся масавы збой

  • 10.01.2026, 15:08

Найбольшая колькасць скаргаў паступіла з Хакасіі і Камчацкага края.

Карыстальнікі ў Расіі сутыкнуліся з масавым збоем у працы Telegram. На працягу сутак на сэрвіс маніторынгу Downdetector паступіла больш за 1180 скаргаў на непаладкі. Згодна з дадзенымі сэрвісу, 57% карыстальнікаў паведамілі пра праблемы з мабільным дадаткам, 23% — пра збоі ў атрыманні апавяшчэнняў, 12% — пра агульныя непаладкі ў працы мэсэнджара. Астатнія скаргі звязаныя з доступам да вэб-версіі або асабістага кабінета.

Найбольшая колькасць скаргаў паступіла з Хакасіі і Камчацкага края. Таксама збоі фіксаваліся ў Стаўрапольскім краі, анексаваным Крыме, Удмурцыі, Валагодскай, Цвярской і Омскай абласцях.

У жніўні мінулага года Раскамнагляд увёў «частковыя» абмежаванні на званкі праз Telegram і WhatsApp, патлумачыўшы гэта барацьбой з махлярствам і «дыверсійнай дзейнасцю». Міністэрства лічбавага развіцця Расіі заяўляла, што доступ да званкоў можа быць адноўлены пасля выканання кампаніямі патрабаванняў заканадаўства. Пры гэтым у якасці альтэрнатывы расійскія ўлады пачалі прасоўваць дзяржаўны мэсэнджар Max. Шэраг экспертаў, уключаючы дырэктара «Таварыства абароны інтэрнэту» Міхаіла Клімарава, называюць гэты дадатак «шпіёнскай праграмай».

Паводле звестак крыніц «Версткі» у Крамлі, поўнай блакіроўкі Telegram улады пакуль не плануюць з-за адсутнасці паўнавартаснай замены. Пры гэтым, як раней адзначаў Міхаіл Клімараў, сітуацыя паўтарае сцэнар з YouTube, калі абмежаванні на працу Telegram і WhatsApp уводзяцца паступова, робячы выкарыстанне сэрвісаў усё больш складаным.

Даследчыца Human Rights Watch Анастасія Крупэ лічыць, што мэтай уладаў з’яўляецца ўсталяванне поўнага кантролю над інтэрнэтам у Расіі, уключаючы кіраванне маршрутамі трафіку для магчымай ізаляцыі расійскага сегмента сеткі.

Апошнія навіны