Мядзведзеў заявіў пра біялагічную барацьбу супраць Расіі небяспечнымі раслінамі
- 8.09.2025, 21:21
Намеснік старшыні Савета бяспекі РФ выдаў чарговую порцыю бязглуздзіцы.
Недружалюбныя краіны могуць занесці на тэрыторыю Расіі небяспечныя расліны для біялагічнай барацьбы, заявіў намеснік старшыні Савета бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў на старонцы ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте».
Ён адзначыў, што інвазійныя віды жывых арганізмаў прыносяць значную шкоду эканоміцы многіх краін, уключаючы Расію, і становяцца прычынай скарачэння лясных і водных рэсурсаў, стратаў ураджаю, пагаршэння здароўя насельніцтва.
«Іх наўмыснае занясенне на нашу тэрыторыю шэраг недружалюбных дзяржаў разглядае як спосаб біялагічнай барацьбы супраць Расіі. Мы павінны ўлічваць гэты фактар рызыкі», — сказаў ён.
Распаўсюджанне чужародных відаў раслін і жывёл за межы іх натуральных арэалаў абмеркавалі ўдзельнікі пасяджэння міжведамаснай камісіі Савета бяспекі па процідзеянні сучасным пагрозам біялагічнай бяспекі.
Зазначым, у СССР як сродак прапаганды выкарыстоўваліся каларадскія жукі. Падчас «халоднай вайны» СССР сцвярджаў, што ЦРУ заселіла сельскагаспадарчыя ўгоддзі краін Варшаўскай дамовы каларадскімі жукамі, каб знішчыць іх ураджай, скідаючы іх з самалётаў.