Нетаньяху анансаваў маштабную сухапутную аперацыю ў Газе
- 8.09.2025, 20:46
Ізраільскі прэм’ер папярэдзіў жыхароў горада Газа пра неабходнасць пакінуць горад.
Прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху заклікаў насельніцтва горада Газа пакінуць яго і анансаваў маштабную сухапутную аперацыю. Зварот Нетаньяху апублікаваны на яго канале ў YouTube.
«Мы маем намер рашуча змагацца з тэрорам. <...> Усё гэта толькі ўступ і прэлюдыя да галоўнай магутнай аперацыі: сухапутнага манеўру нашых сіл, якія цяпер арганізуюцца і ўваходзяць у горад Газа. Я звяртаюся да жыхароў Газы <...> слухайце мяне ўважліва: вас папярэдзілі, сыходзьце адтуль!», — сказаў Нетаньяху, выступаючы ў бункеры штаба ізраільскіх ВПС.
Ён дадаў, што за апошнія дні ізраільскія сілы знеслі ў Газе 50 шматпавярховых будынкаў, якія выкарыстоўваліся тэрарыстычным рухам ХАМАС.
Раней, 8 верасня, у выніку страляніны на скрыжаванні Рамот пры ўездзе ў Ерусалім загінулі шэсць чалавек. Двое стралкоў праніклі ў аўтобус і пачалі страляць па пасажырах. Паводле звестак The Times of Israel, нападнікі былі палестынцамі з вёсак каля Рамалы на Заходнім беразе ракі Іардан, яны выкарыстоўвалі самаробныя пісталеты-кулямёты «Карло». Абодва стралкі былі забітыя.