У Беларусі прадаюць рэтрааўтамабіль амаль за $10 мільёнаў
- 8.09.2025, 19:53
Як ён выглядае.
На папулярнай беларускай інтэрнэт-пляцоўцы па продажы аўтамабіляў av.by з’явіўся вельмі рэдкі рэтрааўтамабіль — Hispano-Suiza K6 выпуску 1935 года. Такія машыны выпускалі ў перыяд з 1934 па 1937 год, піша Tochka.by.
Аўтамабіль мае рухавік аб’ёмам 5,2 л, задні прывад і максімальную хуткасць 145 км/г. Калі меркаваць па фотаздымках, за 90 гадоў ён добра захаваўся. На машыне стаяць маскоўскія нумары, і раней яе спрабавалі прадаць у Расіі.
Цана на яго, дарэчы, за год вырасла больш чым удвая — у 2024 годзе аўтамабіль хацелі прадаць за $4,9 мільёна, а яшчэ некалькі дзён таму — за $9,5 мільёна. Прабег таксама ўказаны па-рознаму: у расійскай аб’яве — 45 тысяч кіламетраў, у беларускай — 225 тысяч.
У свой час былі выпушчаныя ўсяго 202 такія экзэмпляры, таму гэта адзін з самых рэдкіх і дарагіх аўтамабіляў на рынку. Тым не менш, эксперты адзначаюць, што рэальны кошт падобнага рэтрааўтамабіля на аўкцыёне складае каля $2 мільёнаў, таму прапанаваная сума выглядае занадта высокай.