BE RU EN

Лукашэнка патрабаваў, каб яблыкі былі людзям па кішэні: што з гэтага выйшла

  • 8.09.2025, 19:38

Карыстальнікі сацсетак праз паўгода праверылі.

Беларусы дзівяцца цэнам на яблыкі і абмяркоўваюць іх кошт у TikTok. Пры гэтым людзі ўспамінаюць, як на пачатку года Аляксандр Лукашэнка патрабаваў ад урада, каб «людзям павінна быць па кішэні самае простае», гаворка ішла ў тым ліку пра яблыкі, піша «Зеркало».

Адна з тык-токерак паказала цэны на яблыкі ў краме «Еўраопт». У продажы былі плады з Польшчы (па 5,45 рубля за кілаграм), Кітая (7,29 рубля), Азербайджана (6,17 рубля) і «о, цуд — Беларусі» (5,09 рубля). Блогерка адзначае, што «яблыкі даражэй за бананы».

Трыма днямі раней гэта тык-токерка і ўвогуле не знайшла ў продажы айчыннага фрукта. «Як і ўзімку, як і вясной, беларускіх яблыкаў няма. Польшча зноў вырасціла, а мы — ніяк, — адзначала яна. — Малдова нам яблычкі даслала. Беларускіх у краме няма».

Вось якія каментары пакінулі пад гэтымі відэа:

«У Польшчы тры злотыя (каля 2,5 рубля па курсе Нацбанка на 8 верасня. — Заўв. рэд.), а ў Беларусі — 3 еўра».

«Гэта таму, што ў прыватных падворках няма яблыкаў зусім — вымерзлі. У гэтым годзе цэны будуць такія. Я купляць не буду, у мяне варэнне з мінулага года, буду есці».

«Давядзецца есці грушы, у мяне ў гэтым родзе іх поўна».

«Давядзецца есці грушы, у мяне ў гэтым годзе іх поўна».

«Жах — яблыкі ў Беларусі 12 рублёў. Куды глядзіць улада? Як людзям жыць з такімі цэнамі?»

«Адно пытанне — навошта такія цэны ставіць, іх ніхто не купляе. Яны ляжаць і гніюць, а потым прадаўцам у залік зарплаты аддаюць. Не разумею гэтай фінансавай палітыкі».

«Гэты год для яблыкаў неўраджайны, замерзлі пасля таго, як зацвілі. Сады амаль ва ўсіх пустыя. Таму і цэна такая».

Яшчэ ў адным відэа паказалі яблыкі, цэны на якія перавышалі 10 рублёў за кілаграм. Пры гэтым відэа суправаджалася агучкай са словамі патрабавання Аляксандра Лукашэнкі, што «людзям павінна быць па кішэні самае простае: капуста, цыбуля, бульба, морква, яблыкі».

Нагадаем, раней у лютым гэтага года падчас нарады па цэнах палітык адчытаў урад за «не такую аптымістычную» статыстыку па кошце некаторых тавараў.

Найперш гаворка пра кошт гародніны, якая зімой даражэе на 15–20%.

— А што вы мне абяцалі ў ўрадзе? Я не прашу вас рэгуляваць прывазную экзотыку, усялякія там артышокі ці авакада. Няхай гэта авакада каштуе столькі, колькі каштуе. Людзям павінна быць па кішэні самае простае: капуста, цыбуля, бульба, морква, яблыкі, — заявіў тады палітык.

У службе дастаўкі Green цяпер даступныя два гатункі беларускіх яблыкаў (па 5,29 і 5,5 рубля) і адзін імпартны па 10,99 рубля (краіна не ўказана). У «E-дастаўцы» можна купіць гэты фрукт з Чылі (7,85 рубля), Азербайджана (6,64 рубля), Польшчы (5,85 рубля) і Расіі (5,95 рубля).

Апошнія навіны