BE RU EN

У Еўропе за паўгода пададзена 400 тысяч заяў аб прытулаку

  • 8.09.2025, 17:46

Германія ўпершыню за многія гады перастала быць краінай з найбольшай у Еўропе колькасцю шукачоў прытулку.

У Еўропе за першую палову 2025 года колькасць новых заяў аб прытулаку прыкметна скарацілася, як вынікае з паведамлення, апублікаванага агульнаеўрапейскім агенцтвам па пытаннях прытулку ў панядзелак, 8 верасня. Да канца чэрвеня было пададзена каля 400 тысяч заяў — на 114 тысяч менш (мінус 23 працэнты), чым за аналагічны перыяд 2024 года.

Германія ўпершыню за многія гады перастала быць краінай з найбольшай у Еўропе колькасцю шукачоў прытулку, піша «Нямецкая хваля».

Статыстыка ўлічвае даныя ўсіх краін Еўрапейскага саюза, а таксама Нарвегіі і Швейцарыі, якія не ўваходзяць у ЕС. Усяго ў 29 дзяржавах паступіла 399 тысяч хадайніцтваў. Лідары — Францыя (78 тыс.), Іспанія (77 тыс.), Германія (70 тыс.) і Італія (64 тыс.).

Асноўны паток уцекачоў — з Венесуэлы

У агенцтве скарачэнне колькасці заяў патлумачылі падзеннем у Сірыі рэжыму Башара Асада ў снежні мінулага года. Упершыню за дзесяцігоддзе асноўная маса шукачоў прытулку (49 тыс.) прыбыла не з Сірыі, а з Венесуэлы. З Афганістана паступіла 42 тыс. новых заяў.

За выключэннем Францыі, ва ўсіх буйных краінах прызначэння колькасць шукачоў прытулку зменшылася: мацней за ўсё — у Германіі (мінус 43%), а таксама ў Італіі (мінус 25%) і Іспаніі (мінус 13%).

Амаль усе выхадцы з Венесуэлы звярнуліся па прытулак у Іспаніі, дзе з імі размаўляюць на адной мове. Вялікабрытанія пасля выхаду з ЕС ужо некалькі гадоў не ўлічваецца ў гэтай статыстыцы.

Апошнія навіны