DW: Анналена Бербок прыступіць да працы ў ААН
- 8.09.2025, 15:58
Былую кіраўніцу МЗС Германіі абралі на пасаду прэзідэнта Генеральнай Асамблеі ААН.
Экс-міністр замежных спраў Германіі Анналена Бербок, ранейшая лідарка партыі «Зялёныя», пачне працу ў Нью-Ёрку 9 верасня на пасадзе прэзідэнта Генеральнай Асамблеі ААН. На гэтую пасаду яе абралі 2 чэрвеня ў ходзе таемнага галасавання, што стала рэдкасцю, бо звычайна кандыдатуру зацвярджаюць узняццем рук. Такі фармат галасавання, паводле слоў дыпламатаў, быў ініцыяваны Расіяй, улічваючы крытыку Бербок вайны Расіі супраць Украіны, піша DW (пераклад — сайт Charter97.org).
Бербок атрымала 167 галасоў з 193 магчымых. Цяпер яна будзе старшыняваць на пасяджэннях Генасамблеі і весці закрытыя кансультацыі з прадстаўнікамі 193 дзяржаў — чальцоў ААН. Сярод яе задач — падрыхтоўка да абрання новага Генеральнага сакратара ААН у 2026 годзе.
Прызначэнне Бербок суправаджалася крытыкай у Германіі. Канцлер Фрыдрых Мерц заявіў, што ў яго ўрадзе не будзе «дыскусій пра знешнюю палітыку гэтай дамы». Некаторыя чальцы былой кааліцыі адзначалі, што Бербок не заўсёды праяўляла дыпламатычнасць у адносінах з Расіяй і Кітаем.
Першапачаткова на пасаду прэзідэнта Генасамблеі Германія планавала вылучыць высокакваліфікаваную дыпламатку Гельгу Шмід, вядомую сваёй працай над ядзернай здзелкай з Іранам. Аднак сыходзячы ўрад вырашыў намінаваць Бербок. Яна заявіла, што будзе служыць інтарэсам усіх дзяржаў — чальцоў, дзейнічаць як «аб’яднаўчы фактар» і «сумленны пасярэднік».
У перыяд працы на пасадзе міністра замежных спраў са снежня 2021 па май 2025 года Бербок здзейсніла шматлікія замежныя паездкі, у тым ліку ў краіны Блізкага Усходу і Персідскага заліва, якія, паводле яе слоў, умацавалі сувязі Германіі з рэгіёнамі па-за Еўропай.
Пачатак працы Бербок у ААН супадае з выхадам з палітыкі яе былога паплечніка Роберта Хабека, які цяпер зоймецца выкладчыцкай дзейнасцю. Партыі «Зялёныя» цяпер давядзецца пераасэнсаваць сваю ролю як апазіцыйнай сілы.