Затрыманы дырэктар аршанскага аэрадрома?
- 8.09.2025, 15:54
За злоўжыванне службовым становішчам.
Нядаўна была ўзбуджаная крымінальная справа ў дачыненні да кіраўніка аднаго з транспартных прадпрыемстваў Оршы. Яму інкрымінуецца выкарыстанне працы сваіх падначаленых для будаўніцтва прысядзібнага дома і лазні.
Работнікі (а колькасць прыцягнутых дайшла да 16 чалавек) працавалі нават у выхадныя — за кошт дзяржавы. Шкоду прадпрыемству ацанілі больш як у 92 тысячы рублёў.
Пад апісанне (супаў год нараджэння — 1962-і) падыходзіць Мікалай Чэрвінскі, які з 2021 года ўзначальвае аэрадром «Орша» (філіял Нацыянальнага аэрапорта), адзначае тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю».
У яго вайсковая кар'ера, ён палкоўнік запасу, які аддаў Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь больш за 30 гадоў. Сышоў у запас са штаба камандавання сухапутных войскаў.
У сацсетках Мікалай Чэрвінскі апошні раз з'яўляўся 19 жніўня, хоць там ён вядзе даволі актыўнае жыццё. З вялікай доляй верагоднасці менавіта ён стаў падазраваным па справе аб злоўжыванні службовым становішчам.