«Закупачныя цэны выраслі на 80%»
- 8.09.2025, 14:53
Што будзе з ураджаем яблыкаў у Беларусі ў 2025 годзе.
Беларускія фермеры расказалі пра свае чаканні ад збору ўраджаю яблыкаў, які ўжо пачаўся ў некаторых рэгіёнах, а ў іншых вось-вось стартуе. Прадстаўнікі гаспадарак з розных куткоў Беларусі падзяліліся сваімі назіраннямі і расказалі пра цяжкасці, з якімі ім давялося сутыкнуцца ў гэтым годзе, піша Telegraf.
Генеральны дырэктар асацыяцыі «Белсадпитомник» Анатоль Карэнька выказаў здагадку для «Сельской газеты», што ўраджай наўрад ці будзе рэкордным. Паводле яго слоў, масавая ўборка пачнецца не раней за дзесятыя чыслы верасня.
На Талачынскім кансервавым заводзе (Віцебская вобласць) у цэлым чакаюць ураджай лепшы за леташні — каля 1200–1300 тон супраць 759 тон годам раней. Пры гэтым начальнік падраздзялення «Прамысловае садаводства» Віктар Булыгін прызнаў, што яблыкі пацярпелі ад замаразкаў. Так, гатунак «Алеся» ўраджаю не дасць зусім, а ў іншых вынік будзе на 50% ад магчымага.
«На кожным дрэве — ад 5 да 50 яблыкаў», — сказаў ён.
Кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Ветлаў» з Маладзечанскага раёна ацаніў свой будучы ўраджай песімістычна.
«Аддачу чакаем у 5 разоў менш, чым звычайна, бо 7 разоў у маі назіраліся замаразкі», — заявіў ён, дадаўшы, што яго яблыкі пакуль «зялёныя і драбнаватыя».
У слуцкім ААТ «Падлессе-2003» таксама рыхтуюцца да таго, што ўраджай будзе горшы за леташні. Тут чакаюць сабраць каля 400–500 тон супраць тысячы тон годам раней. Галоўны аграном Мікалай Кононок паведаміў, што закупачныя цэны выраслі прыкладна на 80%, але і выдаткі гаспадарак былі вялікія. Калі прадпрыемства прадасць увесь свой ураджай, яно зможа атрымаць прыбытак, заявіў галоўны аграном.
На Магілёўшчыне ў ТАА «Арніка-Агро» сітуацыю таксама назвалі складанай. Вядучы аграном Канстанцін Барадаенка расказаў, што частку завязі ўдалося захаваць, але ёсць праблемы з якасцю. Паводле яго слоў, яблыкі драбнейшыя, на ніжніх галінах пладоў менш. Тым не менш збор ранніх гатункаў там ужо ідзе, і вынік лічаць нармальным, калі не параўноўваць яго «з самым удалым 2023 годам».