Латвія запатрабавала ад больш як 800 расіян пакінуць краіну
- 8.09.2025, 14:28
Яны не здалі экзамен на веданне латышскай мовы.
Упраўленне па грамадзянстве і міграцыі Латвіі запатрабавала ад 841 грамадзяніна Расіі пакінуць краіну да 13 кастрычніка. Пра гэта паведаміла кіраўніца ўпраўлення Майра Розе у рэпартажы латвійскага тэлебачання LTV, піша lsm.lv.
Прычынай сталі змены ў іміграцыйным заканадаўстве, прынятыя восенню 2022 года ў адказ на расійскае ўварванне ва Украіну. Прынятыя тады папраўкі абавязваюць грамадзян Расіі пацвердзіць веданне латышскай мовы на ўзроўні A2. Такі экзамен у 2023 годзе здалі 46% удзельнікаў, астатнім далі яшчэ два гады на падрыхтоўку.
Акрамя тых расіян, якія павінны выехаць з Латвіі да сярэдзіны кастрычніка, яшчэ прыкладна двум тысячам грамадзян РФ неабходна тэрмінова пераздаць экзамен да канца верасня, інакш іх таксама могуць дэпартаваць з краіны.