Нябачная вайна Расіі супраць Еўропы
- 8.09.2025, 10:28
Асаблівую трывогу выклікае Беларусь.
У канцы жніўня самалёт старшыні Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен застаўся без спадарожнікавай навігацыі падчас заходу на пасадку ў Балгарыі. Пілотам давялося саджаць самалёт, выкарыстоўваючы папяровыя карты і наземныя радыёмаякі. Еўрапейскія чыноўнікі пацвердзілі: навігацыйная сістэма самалёта была наўмысна заглушаная, і падазрэнні адразу ўпалі на Расію. Гэты інцыдэнт яскрава прадэманстраваў новую схаваную пагрозу для кантынента — мэтанакіраванае ўмяшанне РФ у працу GPS-навігацыі ў паветранай прасторы Еўропы.
Выпадак з самалётам фон дэр Ляен — толькі вяршыня айсберга. Паводле сумеснай справаздачы Швецыі, Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі, Літвы і Польшчы, толькі за першыя чатыры месяцы 2025 года больш за 122 тысячы авіярэйсаў сутыкнуліся з праблемамі спадарожнікавай навігацыі ў небе Паўночнай і Усходняй Еўропы. Гэтыя збоі выкліканыя глушэннем сігналаў і «спуфінгам» каардынат, калі навігацыйным сістэмам перадаецца ілжывая інфармацыя пра месцазнаходжанне.
Наступствы вар'іраваліся ад часовай страты сувязі са спадарожнікамі да адмоваў бартавых сістэм, якія не ўдавалася аднавіць аж да самай пасадкі.
Паводле звестак спецыялістаў, крыніцы перашкод адназначна лакалізаваныя на тэрыторыі Расіі: у Калінінградскай вобласці, раёне Санкт-Пецярбурга, а таксама ў Смаленску і г.д. Менавіта адтуль вайсковыя ўстаноўкі РФ выпраменьваюць магутныя сігналы, што глушаць спадарожнікавае вяшчанне над суседнімі краінамі. Аналагічныя інцыдэнты адбываюцца і ў краінах Балтыі. У мінулым годзе з-за расійскіх перашкод два рэйсы Finnair не змаглі прызямліцца ў эстонскім Тарту, а ў студзені гэтага года пілоты Ryanair перапынілі пасадку ў Вільнюсе.
Еўрапейскія дзяржавы разглядаюць такія дзеянні як частку шырокай кампаніі гібрыднай вайны, якую Крэмль вядзе супраць Захаду. Генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ наўпрост назваў глушэнне GPS элементам «гібрыдных пагроз». Паводле яго слоў, такія атакі могуць мець катастрафічныя наступствы і таму ўспрымаюцца Альянсам надзвычай сур'ёзна.
Электронныя атакі — толькі адзін фронт гэтай вайны. Масква таксама звяртаецца да дыверсій супраць інфраструктуры, кібератак, дэзінфармацыі і шпіянажу. Агульная мэта відавочная: дэстабілізаваць Еўропу і прадэманстраваць яе ўразлівасць перад расійскім ціскам.
Агрэсіўныя паводзіны Расіі ў паветры Еўропы пацвярджаюць, што Уладзімір Пуцін не збіраецца спыняцца на Украіне. Паралельна з вайной супраць Кіева Крэмль дэманструе гатоўнасць кідаць выклік суседзям.
Асаблівую трывогу выклікае Беларусь, ператвораная ў плацдарм для расійскіх дэманстрацый сілы. У жніўні–верасні там праходзяць маштабныя вучэнні «Захад-2025», у якіх задзейнічана каля 30 тысяч расійскіх і беларускіх вайскоўцаў, уключна з падраздзяленнямі з ядзернай зброяй і найноўшымі ракетамі. Паводле даных Мінабароны Польшчы, сцэнарыі вучэнняў прадугледжваюць удары па Польшчы і краінах Балтыі, то бок прамое сутыкненне з НАТА.
У адказ Польшча, Літва, Латвія і Эстонія праводзяць люстраныя манеўры НАТА з удзелам 40 тысяч салдат. У Варшаве папярэджваюць пра магчымыя правакацыі падчас «Захад-2025». Ад кібератак да навігацыйных збояў.
Для ЕС і НАТА сітуацыя з глушэннем GPS стала трывожным сігналам. Еўрасаюз ужо заявіў пра планы ўмацаваць абарончныя магчымасці, запусціўшы дадатковыя спадарожнікі для маніторынгу перахопу сігналаў. НАТА, са свайго боку, распрацоўвае тэхналогіі супрацьдзеяння электроннаму глушэнню.
Відавочна, што расійская пагроза выходзіць далёка за межы Украіны. Яна ахоплівае і лічбавую прастору, і мірнае неба над еўрапейскімі гарадамі. Гэта нябачная вайна ставіць пад пагрозу жыцці мірных грамадзян, падрывае давер да базавых элементаў бяспекі.
Усё гэта паказвае, як далёка зайшла расійская дэстабілізацыя Еўропы. І дзейнічае Расія звыклым чынам, выпрабоўваючы праціўніка «на вошы», выяўляючы яго рэакцыі і слабыя месцы. І калі вынік яе «задаволіць», то агрэсія з гібрыднай неўмольна споўзецца да актыўнай. Тым больш, што ў Расіі наўрад ці сапраўды плануюць захопліваць або акупаваць Еўропу.
Пакуль што ім хопіць абмежаваных ваенных правакацый, якія б паказалі слабасць калектыўнай еўрапейскай бяспекі, неабароненасць яе членаў перад тварам знешняй пагрозы. Трэба зламаць сістэму, пасеяць хаос, няпэўнасць і страх, каб потым прасоўваць патрэбных палітыкаў, навязваць «сяброўства» з Расіяй, разбураць праціўнікаў знутры.
Неабходна нагадаць, што перад поўнамаштабным уварваннем ва Украіну Расія ў 2021 годзе прад'явіла ультыматум не Украіне, а НАТА, патрабуючы вярнуцца да «межаў 1991 года». То бок, вярнуць ёй усю «зону ўплыву СССР». Пачатая потым вайна задумвалася расійскім кіраўніцтвам як вайна супраць Еўропы і Захаду. І ў гэтым сэнсе, як бачым, нічога не змянілася.
Пятро Алешчук, доктар палітычных навук, прафесар КНУ імя Тараса Шаўчэнкі, спецыяльна для сайта Charter97.org