Беларусаў чакае яшчэ адзін сюрпрыз з бульбай
- 8.09.2025, 9:43
Прагноз сіноптыкаў.
Кантрасты надвор'я, абумоўленыя глабальным пацяпленнем, па-рознаму адбіліся на ўраджайнасці асноўных беларускіх сельскагаспадарчых культур у гэтым годзе. Сярод тых, каму не пашанцавала, — бульба.
Як паведаміла агенцтву «Мінск-Навіны» начальніца службы гідралогіі і аграметэаралогіі Белгідрамета Кацярына Істоміна, частыя праліўныя дажджы ў ліпені прывялі да палегання пасеваў на значных плошчах. Бульба аказалася «ахвярай» ненадвор'я. З аднаго боку дзякуючы багаццю вільгаці добра нарасталі клубні. Тым не менш у такіх умовах на вялікіх плошчах бульбы распаўсюдзілася фітафтора.
«Катаклізмы вясны і лета 2025 года адбіліся на ўраджайнасці многіх сельскагаспадарчых культур. З-за працяглага перыяду нізкіх тэмператур у вясновыя месяцы гаспадаркі рэспублікі не даатрымалі ўраджай пладовых і ягадных культур, шматгадовых траў першага ўкосу. Чэрвеньская нестача цяпла адбілася на развіцці памідораў, агуркоў, грэчкі і кукурузы», — адзначыла спецыялістка.
Але ёсць культуры, якія выйгралі ў гэтым сезоне.
«Наліў зерня дзякуючы ўмераным тэмпературам працягваўся 2–3 тыдні, што станоўча паўплывала на паўнавагасць коласа. Частыя дажджы і ўмераныя тэмпературы чэрвеня таксама спрыялі прадуктыўнасці рапсу, лёну і караняплодаў; добра нарастала маса траў. Жнівень прынёс цяпло, што дабратворна адаб'ецца на ўраджаі кукурузы і назапашванні цукроў у цукровых бураках», — падзялілася добрымі навінамі і спрыяльнымі прагнозамі Кацярына Істоміна.