Двухгадовае дзіця пераканала легендарнага Біла Мюрэя зняцца ў фільме
- 7.09.2025, 18:01
Акцёр не змог адмовіць.
На кінафестывалі ў Таронта адбылася прэм’ера дакументальнага фільма «Джон Кэндзі», прысвечанага жыццю і кар’еры знакамітага акцёра Джона Кэндзі, які памёр у 1994 годзе ва ўзросце 43 гадоў.
Прадусар стужкі, акцёр Раян Рэйналдс, падзяліўся вясёлай гісторыяй пра тое, як яму ўдалося прыцягнуць да праекта легендарнага Біла Мюрэя, піша People (пераклад — сайт Charter97.org).
Паводле слоў акцёра, пераканаць 74-гадовага Мюрэя аказалася няпроста. Тэлефонныя званкі прыводзілі толькі да загадкавых аўтаадказчыкаў, а відэапаведамленні заставаліся без адказу. Сітуацыю неспадзявана выратаваў яго малодшы сын Олін.
«Было ўжо 11:30 ночы, дзіця павінна было спаць. Ён зайшоў у пакой, і я папрасіў: “Скажы Білу, каб ён прыйшоў на інтэрв’ю”. І ён паглядзеў проста ў камеру і сказаў: “Прыйдзі на інтэрв’ю, Біл”. Я дадаў: “Адмоў дзіцяці — і мы даведаемся, які ты монстр”. І проста выключыў запіс», — з усмешкай распавёў Рэйналдс.
Пасля гэтага Мюрэй ператэлефанаваў і згадзіўся дапамагчы: «Што я магу зрабіць для Джона Кэндзі?» — спытаў ён.
Фільм зняў рэжысёр Калін Хэнкс, сын Тома Хэнкса. Паводле слоў Рэйналдса і Хэнкса, Джон Кэндзі быў не толькі выбітным камікам, але і чалавекам, з якім гледачы маглі сябе атаясамліваць.
«Кэндзі аказаў велізарны ўплыў на маю кар’еру. Яго смерць у 1994-м стала першым момантам, калі я востра перажыў сыход знакамітасці», — прызнаўся Рэйналдс.
Цяпер акцёр спадзяецца паказаць публіцы «сапраўднага Джона Кэндзі», пачынаючы з яго роднага Таронта.