BE RU EN

Залатога ільва Венецыянскага кінафестывалю атрымаў Джым Джармуш

  • 7.09.2025, 10:11

А срэбнага — фільм з украінскім баксёрам Аляксандрам Усікам.

У суботу, 6 верасня, завершыўся 82-і Венецыянскі міжнародны кінафестываль. Арганізатары абвясцілі пераможцаў на ўрачыстай цырымоніі закрыцця.

У конкурснай праграме ўдзельнічаў 21 фільм, і сярод іх — новыя фільмы Ноа Баумбаха, Кэтрын Бігелаў, Гільерма дэль Тора, Джыма Джармуша, Франсуа Озона, Паола Сарэнціна і іншых.

Залатога ільва Венецыянскага кінафестывалю за лепшы фільм атрымаў Джым Джармуш. Перамогу яму прынёс трыпціх «Бацька, маці, сястра, брат» (Father Mother Sister Sister Brother). Гэта камедыйны трыпціх пра тры пакаленні адной сям'і. Галоўныя ролі выканалі Кейт Бланшэт, Вікі Крыпс, Адам Драйвер, Том Уэйтс, Шарлота Рэмплінг і іншыя. І гэта першая ўзнагарода 72-гадовага Джыма Джармуша ў Веніцыі.

Срэбнага ільва за лепшую рэжысуру атрымаў Бэні Сафдзі за фільм «Несакрушальны» (The Smashing Machine) — біяграфічная спартыўная драма пра былога байца змяшаных адзінаборстваў Майкла Кера, а адну з роляў у гэтым фільме — украінскага спартсмена Ігара Ваўчаніна — выканаў дзейны абсалютны чэмпіён па боксе Аляксандр Усік.

Гран-пры журы дастаўся драме пра Газу «Голас Хінд Раджаб» — мастацкая драма туніскай рэжысёркі Каутэр бэн Ханья пра смерць пяцігадовай дзяўчынкі з Газы Хінд Раджаб падчас вайны супраць ХАМАС. Туніс вылучыў гэты фільм на прэмію «Оскар 2026».

Апошнія навіны