Навукоўцы распавялі, чаму такі важны сняданак
- 5.09.2025, 20:08
Першы прыём ежы можа паўплываць на працягласць жыцця.
Магчыма, рэгулярна забываць пра ранішні прыём ежы — шкодна. Калі верыць дадзеным новага даследавання міжнароднай групы навукоўцаў, прыхільнасць да позніх сняданкаў карэлюе з павышанай рызыкай узнікнення шэрагу захворванняў у пажылых людзей, піша «Нож».
Каманда прааналізавала дадзеныя пра стан здароўя 2945 жыхароў Вялікабрытаніі ва ўзросце ад 42 да 94 гадоў. Навукоўцы адсочвалі змены ў харчовых звычках удзельнікаў даследавання на працягу 20 гадоў. Перыядычна добраахвотнікі здавалі аналізы крыві.
Даследчыкі высветлілі, што з узростам большасць удзельнікаў пачыналі снедаць і вячэраць пазней. Да таго ж амаль усе з цягам часу скарачалі агульны час, які трацілі на прыёмы ежы на працягу дня.
Як высветлілася, пазнейшы час сняданку нязменна карэляваў з наяўнасцю ў людзей дэпрэсіі, хранічнай стомы, захворванняў паражніны рота або з павышанай рызыкай узнікнення гэтых недугаў. Акрамя таго, паводле высноў навукоўцаў, адмова ад ранняга сняданку была статыстычна звязаная з павышанай рызыкай смерці пажылога чалавека ў наступны перыяд назірання.
«Нашы вынікі паказваюць, што позні час прыёму ежы, асабліва позні сняданак, звязаны і з праблемамі са здароўем, і з павышанай рызыкай смяротнасці ў пажылых людзей. Гэтыя высновы надаюць новы сэнс выказванню “сняданак — самы важны прыём ежы”», — рэзюмаваў доктар Хасан Дашці, вядучы аўтар даследавання з Масачусэтскай бальніцы агульнага профілю.