Што будзе, калі раптоўна перастаць піць каву?
- 5.09.2025, 13:11
Эксперты назвалі сем змяненняў у арганізме.
Калі вы вырашылі адмовіцца ад кафеіну, а значыць, і ад кавы, то гэта можа мець пэўныя негатыўныя і станоўчыя наступствы для арганізма, піша Eatingwell.
Адзначаецца, што ў залежнасці ад ступені прывыкання да кафеіну, могуць з'явіцца сімптомы адмены, бо кафеін — свайго роду наркатык. Таму лепш за ўсё паступова адвыкаць ад кавы і іншых напояў з кафеінам.
1. Галаўны боль
Кафеін — двухбаковая з'ява, калі гаворка ідзе пра галаўны боль. Бо з гэтым непрыемным сімптомам звязана не толькі ўжыванне кафеіну, але і яго спыненне.
Рэгулярнае ўжыванне кафеіну можа прывесці да павелічэння жорсткасці крывяносных сасудаў, што прыводзіць да змяншэння крывацёку. Калі вы перастаеце піць каву, крывяносныя сасуды вяртаюцца ў свой звычайны стан, і гэта можа часова выклікаць галаўны боль. Каб палегчыць яго, эксперты раяць пазбягаць Экседрыну і іншых прэпаратаў, што змяшчаюць кафеін.
2. Завала
Кава стымулюе стрававальную сістэму. Даследчыкі лічаць, што гэта, верагодна, звязана з тым, што кафеін узаемадзейнічае з мікрабамі, якія жывуць у кішачніку. Гэта азначае, што адмова ад прадуктаў, якія змяшчаюць кафеін, можа знізіць актыўнасць гэтай часткі стрававальнага тракту.
Праблему лёгка вырашыць, ужываючы шмат вады і клятчаткі ў выглядзе садавіны, гародніны, арэхаў, цэльназернавых прадуктаў.
3. Вяласць
Кафеін — стымулятар, таму, верагодна, у некалькі дзён пасля яго адмены вы будзеце адчуваць невялікі спад энергіі. Таксама апісваюцца такія пабочныя эфекты адмены кафеіну, як зніжэнне пільнасці і актыўнасці, дрымотнасць, адчуванне галавакружэння.
Каб зменшыць верагоднасць гэтых непрыемных сімптомаў, скарачайце спажыванне кафеіну паступова. Напрыклад, спачатку перайдзіце на латэ з паловай дозы кафеіну, перш чым канчаткова адмовіцца ад кавы.
4. Страта вагі
Калі вы п'яце каву з цукрам і сліўкамі або салодкія напоі з утрыманнем кафеіну, то адмова ад іх будзе спрыяць страце вагі.
Кубак кавы з 2 сталовымі лыжкамі тоўстых слівак і 2 чайнымі лыжкамі цукру змяшчае каля 130 калорый. Шмат папулярных кавовых напояў утрымліваюць шмат дададзенага цукру. Таму адмова ад кафеіну таксама можа азначаць выключэнне лішку дададзенага цукру.
5. Знікненне нервовасці, расслабленасць
Адмовіўшыся ад кафеіну, вы можаце адчуць, што нервовасць знікла, і гэта можа быць карысным для пераадолення стрэсу.
Раздзражнёнасць і трывожнасць, якія вы адчувалі доўгі час, могуць знікнуць або паменшыцца, калі проста адмовіцца ад кавы.
Вы ўсё яшчэ можаце адчуваць пэўную трывогу адразу пасля спынення ўжывання кавы, але з часам ваш настрой выраўнуецца.
6. Паляпшэнне якасці сну
Эксперт па сне Майкл А. Гранднер патлумачыў, што кава мае прамы ўплыў на цыклы сну і няспання нашага арганізма і застаецца ў ім гадзінамі. Гэта азначае, што кубак кавы або іншага напою з кафеінам, выпіты пасля абеду, можа стаць прычынай неспакойнай ночы.
Адзначаецца, што адмова ад кафеіну прынамсі за 9 гадзін да сну зніжае рызыку яго парушэння і дапамагае арганізму зразумець, калі яму трэба адпачываць.
Гранднер таксама адзначыў, што вам насамрэч не патрэбны кубак кавы, каб падзарадзіцца раніцай энергіяй — ваш арганізм робіць гэта натуральным шляхам, таму адмова ад кафеіну не абавязкова пакіне вас прыгнечанымі на ўвесь дзень. Ён раіць паспрабаваць замяніць каву траўяной гарбатай, калі вам падабаецца рытуал цёплага напою для пачатку дня.
7. Вашы зубы стануць бялейшыя
Амерыканская стаматалагічная асацыяцыя лічыць каву і газіроўку — з кафеінам ці без — аднымі з самых шкодных для зубоў прадуктаў, бо абедзве могуць разбураць эмаль. Да таго ж адмова менавіта ад кавы будзе спрыяць белізне зубоў.