BE RU EN

У Смаленску знайшлі найрадзейшы скарб часоў Вялікага Княства Літоўскага

  • 30.09.2025, 20:38

Фотафакт.

У тэхнічных калодзежах Смаленска нечакана знайшлі найрадзейшы скарб, схаваны яшчэ ў 1420-х гадах. Пра ўнікальны артэфакт паведамілі ўдзельнікі экспедыцыі ІА РАН ва «ВКонтакте».

Скарб удалося адшукаць на вуліцы Сабалева. Ён налічвае 48 срэбных манет, 46 з якіх — пражскія грошы. Удакладняецца, што гэта адны з самых распаўсюджаных манет Сярэднявечча.

Археолагі патлумачылі, што грошы пачалі чаканіць пасля грашовай рэформы чэшскага караля Вацлава II. Іх чаканілі ў XIV—XV стагоддзях.

Таксама сярод знаходак аказаўся дэнарый — срэбная манетная адзінка Вялікага Княства Літоўскага часоў Вітаўта. На ім была выява «Калюмны» (геральдычнага знака сярэднявечнага княства) і дзіды з крыжам.

Акрамя таго, чалавек, які схаваў скарб шмат стагоддзяў таму, паклаў у яго і крымскую манету — данг. Яе чаканілі ў 1419–1420 гадах з імем мясцовага хана. Менавіта гэтая знаходка дазволіла спецыялістам вызначыць дакладны час, калі было схавана багацце.

Удзельнікі экспедыцыі дадалі, што гэта ўсяго толькі другі скарб літоўскага часу, знойдзены ў Смаленску. Такія манеты ў горадзе ўпершыню знайшлі ў 1988-м. Тады скарб прызналі адным з найбуйнейшых у РФ, ягоная вага склала больш за 12 кілаграмаў, і ўсё гэта былі срэбныя манеты.

Апошнія навіны