Хэгсет назваў адзіную місію Міністэрства вайны ЗША
- 30.09.2025, 18:46
Міністр вайны таксама зрабіў заўвагі ў адрас «таўстых генералаў і адміралаў».
Міністэрства вайны ЗША (Пентагон) будзе займацца толькі падрыхтоўкай да ваенных дзеянняў і весці іх, заявіў кіраўнік ведамства Піт Хэгсет у звароце да амерыканскіх генералаў і адміралаў на базе марской пяхоты ў Вірджыніі.
«Сардэчна запрашаем у Міністэрства вайны, бо эра Мінабароны скончылася», — так пачаў сваю прамову міністр.
«Адзінай місіяй адноўленага Міністэрства вайны з’яўляецца вайна — вядзенне баявых дзеянняў, падрыхтоўка да вайны і падрыхтоўка да перамогі, нястомная і бескампрамісная», — сказаў ён.
Перайменаванне Пентагона адбылося на пачатку верасня. Раней ведамства называлася Міністэрствам абароны. Яно з’явілася ў 1949 годзе (у 1941-м пачалося будаўніцтва штаб-кватэры ў форме пяцівугольніка, што і дало назву ведамству), а Міністэрства вайны (War Department) у ЗША існавала з 1789-га.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп тлумачыў, што перайменаванне пасылае сігнал пра перамогу і сілу ЗША праціўнікам і саюзнікам Злучаных Штатаў.
Выступаючы перад генераламі, Хэгсет адзначыў, што ў Пентагоне «скончана» з такім «смеццем», як «паліткарэктнасць», «месяцы ідэнтычнасцей», «разнастайнасць, роўнасць і інклюзіўнасць», а таксама з «мужыкамі ў сукенках».
Міністр звярнуў увагу і на неабходнасць таго, каб ваенныя ўсіх чыноў былі ў належнай фізічнай форме. Паводле яго слоў, ён не хоча бачыць «таўстых генералаў і адміралаў» або вайскоўцаў.
«Калі міністр вайны можа рэгулярна выконваць цяжкія фізічныя практыкаванні, то гэта можа рабіць і кожны член нашага аб’яднанага камандавання», — падкрэсліў ён.
Акрамя таго, Хэгсет сказаў, што кожны вайсковец на баявой пасадзе павінен набіраць больш за 70% па «мужчынскім стандарце» тэсту на фізічную падрыхтоўку ў сваім відзе войскаў.