BE RU EN

Яўген Афнагель: Яшчэ ў 2019 годзе мы ведалі, што на вуліцы з пратэстамі выйдуць сотні тысяч людзей

  • 30.09.2025, 14:09

Беларусы змяніліся.

Коардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель даў вялікае інтэрв’ю «Белсат». Вось што Афнагель расказаў пра тое, што для яго значылі падзеі 2020 года:

— У зняволенні я часта ўспамінаў 2020 год. Мы яшчэ ў 2019‑м ведалі: пасля сфальсіфікаваных выбараў на вуліцы выйдуць сотні тысяч людзей. Мы жылі і працавалі дзеля гэтага. Шмат хто тады лічыў, што такое немагчыма. А мы ведалі, што так будзе, і казалі пра гэта; словы з інтэрв’ю пачатку 2020 года пра тое, што на вуліцах будзе мільён беларусаў, трапілі нават у матэрыялы крымінальнай справы. Найважнейшае — мы бачылі ўсё гэта ўласнымі вачыма.

Гэтыя ўспаміны, разуменне таго, што беларусы сталі іншымі, сталі народам, які навучыўся змагацца, абараняць сябе, сталі крыніцай сіл, што дазволілі прайсці праз усе выпрабаванні.

2020 год — вяршыня нашай барацьбы, упэўнены, што не апошняя. Жнівень—верасень 2020 года — адны з самых шчаслівых момантаў майго жыцця. Я бачыў свабодную Беларусь, бачыў, якой яна можа быць у будучыні. Я бачыў мільёны людзей на вуліцах, бачыў магутную энергію, што зыходзіла ад іх, самаарганізаванасць, крэатыў, узаемадапамогу. Гэта было неверагодна.

Такія ўспаміны немагчыма сцерці. Гэта надае зарад аптымізму і веры. Магу сказаць: пяць гадоў турмы таго вартыя. Бо я бачыў Беларусь свабоднай.

Апошнія навіны