Навукоўцы: Гэты малочны прадукт зніжае ўзровень цукру ў крыві
- 30.09.2025, 9:29
Таксама ў ўдзельнікаў даследавання часткова стабілізаваліся ўзроўні «дрэннага» і «добрага» халестэрыну.
Парашковае вярблюдзінае малако з прабіётыкам можа зніжаць узроўні цукру і халестэрыну ў крыві пры дыябеце. Да такой высновы прыйшлі навукоўцы з Пекінскага ўніверсітэта тэхналогій і бізнесу. Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе Foods.
У даследаванні ўзялі ўдзел 28 чалавек з цукровым дыябетам другога тыпу. Адна група атрымлівала вярблюдзінае малако, узбагачанае прабіётыкам Bifidobacterium animalis, другая — звычайнае малако без дабавак. B. animalis — гэта грампазітыўныя анаэробныя бактэрыі, якія каланізуюць кішэчнік жывёл. Яны адыгрываюць важную ролю ў падтрыманні гамеастазу стрававальнай сістэмы і ўсяго арганізма.
Ужо праз месяц у першай групе назіралася істотнае зніжэнне запаленчых маркераў у крыві і канцэнтрацыі глюкозы нашча. Таксама ў ўдзельнікаў даследавання часткова стабілізаваліся ўзроўні «дрэннага» і «добрага» халестэрыну.
Таксама даследчыкі зафіксавалі станоўчы ўплыў на мікрабіёту кішэчніка: ужыванне малака з прабіётыкам спрыяла росту колькасці карысных біфідабактэрый. Біфідабактэрыі з'яўляюцца асноўным кампанентам здаровай кішачнай мікрафлоры, якая пераважна жыве ў тоўстай кішцы. Яны ўмацоўваюць імунную сістэму, дапамагаюць сінтэзаваць вітаміны і абараняюць ад патагенаў.
На думку аўтараў, такі камбінаваны карысны эфект можа дадаткова спрыяць паляпшэнню абмену рэчываў і зніжэнню рызыкі ўскладненняў пры дыябеце.