Канцэрт Макса Коржа ў Алматы канчаткова адмянілі
- 3.09.2025, 10:54
Нібыта з-за футбольных матчаў.
Арганізатары канцэрта беларускага рэпера Макса Коржа у Алматы, які мусіў адбыцца 6 верасня, афіцыйна пацвердзілі, што выступ не адбудзецца.
Падрыхтоўка да канцэрта вялася з лістапада 2024 года. Каманда з больш як 500 спецыялістаў з краін СНД і Еўропы працавала над падрыхтоўкай. У студзені былі пададзены ўсе неабходныя дакументы для атрымання дазволу на правядзенне мерапрыемства. Яшчэ 7 і 11 лютага атрымалі адказ ад дзяржаўных органаў горада Алматы. На падставе гэтых дакументаў 13 сакавіка была заключана дамова з Дырэкцыяй спартыўных збудаванняў і ўнесена перадаплата, распавядаюць арганізатары.
Пасля леташняй адмены канцэрта, для пацверджання дасягнутых дамоўленасцяў, 10 сакавіка Дырэкцыя спартыўных збудаванняў апублікавала афіцыйнае паведамленне пра тое, што канцэрт адбудзецца.
Ужо 17 сакавіка квіткі паступілі ў продаж і ў самыя кароткія тэрміны былі раскуплены, на канцэрт ехала больш за 17 000 турыстаў, а ўсяго было прададзена 35 000 квіткоў.
Але 27 жніўня ў афіцыйным акаўнце Дырэкцыі з'явілася паведамленне пра адмену канцэрта, звязаную з тэхнічным станам поля.
«Афіцыйна заяўляем: канцэрт Макса Коржа на Цэнтральным стадыёне 6 верасня не адбудзецца», — напісалі арганізатары.
«Хочам падкрэсліць: падрыхтоўка вялася да апошняга моманту, і мы зрабілі ўсё магчымае, каб канцэрт адбыўся. На жаль, абставіны склаліся інакш. Прыносім шчырыя выбачэнні кожнаму гледачу і асобна прыносім выбачэнні тым, хто ўжо прыляцеў і прыехаў у Алматы з іншых краін. Вельмі спадзяёмся на ваша разуменне», — напісалі арганізатары.
Грошы за квіткі абяцаюць вярнуць.
Афіцыйнай прычынай адмены канцэрта называюць матчы футбольнага клуба «Кайрат», які выйшаў у плэй-оф Лігі чэмпіёнаў.