Apple назвала спосаб прыбраць драпіны з новых IPhone
- 29.09.2025, 19:53
Спатрэбіцца соль.
У карпарацыі Apple назвалі спосаб пазбавіцца ад драпін на корпусе iPhone 17 Pro і 17 Pro Max. На гэта звярнула ўвагу профільнае выданне 9to5Mac.
Пасля пачатку продажаў прылад серыі iPhone 17 карыстальнікі мадэляў 17 Pro і 17 Pro Max, корпус якіх выкананы з алюмінію, паскардзіліся на з'яўленне драпін. У Apple тады адказалі, што праблема не мае масавага характару, а большасць слядоў на корпусе можна прыбраць сурвэткай. У канцы верасня стала вядома, што ў кампаніі параілі праціраць тэлефон саляным растворам.
Новы спосаб чысткі ў Apple рэкамендавалі супрацоўнікам сваіх крам Apple Store. Журналісты 9to5Mac паспрабавалі адцерці невялікія драпіны марской вадой, у складзе якой ёсць соль, і ў іх гэта атрымалася. «Для нас гэты спосаб аказаўся значна больш эфектыўным, чым вада і ізапрапілавы спірт», — падкрэслілі аўтары.
Таксама спецыялісты выдання высветлілі, што Apple абвінаваціла ў з'яўленні драпін на вітрынных узорах iPhone 17 Pro і 17 Pro Max магнітныя падстаўкі MagSafe. У кампаніі адзначылі, што драпіны ўзнікаюць праз трэнне паміж металічнымі дэталямі аксэсуара і алюмініевым корпусам. З гэтай прычыны фірма ўсталявала ва ўсіх сваіх крамах новыя падстаўкі з гумаваным пакрыццём.