BE RU EN

Яўген Афнагель: 2020 год быў вяршыняй нашай барацьбы, я бачыў свабодную Беларусь

  • 28.09.2025, 15:53

Працэсы, што пачаліся пяць гадоў таму, незваротныя.

Яўген Афнагель — каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», адзін з заснавальнікаў моладзевага руху «Зубр». Пасля падзеяў 2010 года ён жыў у эміграцыі, але ў 2016 годзе вярнуўся ў Беларусь. У верасні 2020 года яго затрымалі, у маі 2021-га асудзілі на 7 гадоў па абвінавачанні ў «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў».

Практычна пяць гадоў ён правёў у калоніі і ў магілёўскай турме № 4, прайшоўшы праз ШІЗА і ПКТ. 11 верасня 2025 года яго разам з іншымі палітвязнямі гвалтам вывезлі да літоўскай мяжы.

«Белсат» пагаварыў з каардынатарам «Еўрапейскай Беларусі» пра гады ў зняволенні, раптоўнае «вызваленне» і веру ў перамены.

– Яўген, у вас была магчымасць застацца ў эміграцыі. Чаму вы ўсё ж такі вярнуліся ў Беларусь?

– У 2016 годзе я вярнуўся з многіх прычын. Беларусь — гэта мая радзіма: тут тады былі бацькі, сябры, блізкія. Але галоўнае — я адчуваў, што Беларусь падыходзіць да моманту вялікіх перамен. Жыць у эміграцыі і назіраць збоку за тым, што адбываецца ў краіне, для мяне было невыносна. За мяжой у цябе ёсць бяспека, адносны камфорт, але разам з гэтым ёсць і пастаяннае адчуванне: ты ўбаку. Ты чытаеш навіны, перажываеш, але каб рэальна змяніць сітуацыю ў краіне, трэба ў ёй жыць.

Тады ў Беларусі ўсё было інакш: кіпела жыццё, адчувалася энергія, сілы для перамен. Ужо тады было бачна, што пратэсты ў бліжэйшыя гады будуць значна больш масавымі, чым былі раней. Былі акцыі супраць «падатку на дармаедаў», былі выступы падчас парламенцкай кампаніі. Улады спрабавалі абараняцца, але ўсе бачылі іх слабасць, грамадства ўсё больш праяўляла рашучасць. Было ясна: настане час, калі сотні тысяч людзей выйдуць на вуліцы.

Мы ў нашай камандзе разумелі: калі хочам перамен, трэба быць у Беларусі. Трэба рыхтаваць людзей, размаўляць з імі, тлумачыць, падтрымліваць, разам працаваць над стратэгіяй перамогі. Менавіта гэта падштурхнула да вяртання.

У 2016 годзе я вярнуўся дадому. Я разумеў, што гэта рызыка, што турма больш чым верагодная. Але я вырашыў: лепш сустрэць гэтыя падзеі ўнутры краіны, чым потым шкадаваць, што прапусціў іх, застаючыся за мяжой.

Але я вырашыў: лепш сустрэць гэтыя падзеі ўнутры краіны, чым потым шкадаваць, што прапусціў іх, застаючыся за мяжой.

Нават прайшоўшы праз гады зняволення, я не шкадую пра гэты крок. Ведаю, зрабіў правільна.

– У верасні 2020 года вас затрымалі. Як гэта адбылося?

– 25 верасня ў маю дзверы пачалі ламіцца, загадзя заблакаваўшы ўсю сувязь. Стала зразумела, што будуць браць, мы з маімі калегамі былі да гэтага гатовыя, добра, што ўдалося максімальна адцягнуць гэты момант.

Пакуль выломвалі дзверы, гэта заняло хвілін тры–чатыры, я спакойна дапіў кубак кавы, яшчэ раз праглядзеў змест тэлефона і камп’ютара. Потым узброеныя сілавікі ўварваліся ў кватэру, прыставілі пісталет да галавы, павалілі на падлогу, пачаўся вобшук. Затрымлівалі нас адначасова ў розных месцах Мінска: мяне, Андрэя Войніча, Паўла Юхневіча.

Везлі тварам уніз, я не бачыў, куды менавіта. Потым ужо зразумеў, што гэта, хутчэй за ўсё, Следчы камітэт. Там адразу паказалі артыкул у Крымінальным кодэксе. Было ясна: пачынаецца іншае жыццё.

– Суд быў закрытым. Як вы перажылі той працэс?

– Суд пачаўся ў маі 2021 года ў Магілёве. Усё адбывалася за закрытымі дзвярыма: родных і журналістаў не дапусцілі, спаслаліся на фармулёўку «справа змяшчае матэрыялы, якія з’яўляюцца дзяржаўнай таямніцай». Насамрэч ніякіх сакрэтных звестак падчас працэсу не было, проста ўлады не хацелі, каб беларусы і свет убачылі гэты фарс.

На лаўцы падсудных разам са мной апынуліся людзі, якіх я добра ведаў і паважаў: Ірына Шчасная, Павел Севярынец, Максім Вінярскі, Дзмітрый Козлаў, Павел Юхневіч, Андрэй Войніч.

Мы разумелі, што прысуд ужо напісаны загадзя, таму проста выкарыстоўвалі шанец пабыць разам, пагаварыць.

25 мая суддзя Ірына Ланчава абвясціла рашэнне: мне, Севярынцу і Войнічу — па 7 гадоў, астатнім ад 4 да 5. Гэтыя лічбы для нас не мелі асаблівага значэння, мы разумелі, што ў рэальнасці яны могуць стаць і большымі, і меншымі, усё залежыць ад таго, як будуць развівацца падзеі ў Беларусі, ад ціску на рэжым Лукашэнкі, ад салідарнасці.

Тое, што я і амаль усе мае сябры, якія тады былі ў клетцы суда, цяпер на волі, паказвае, што мы ў гэтым мелі рацыю.

– Што для вас было самым цяжкім у зняволенні?

– Першыя месяцы я правёў у калоніі ў Наваполацку. Чатыры месяцы — і ўжо ў студзені 2022 года мяне перавялі ў штрафны ізалятар, потым у ПКТ, стала ясна: мне ўзмоцняць рэжым і адправяць у «крытку» — то бок у Магілёўскую турму № 4.

Гэтая турма — зусім іншыя ўмовы. У калоніі ты можаш хоць бы хадзіць па тэрыторыі, бачыць неба, дрэвы, кантактаваць з іншымі палітвязнямі, з роднымі. Ёсць магчымасць атрымліваць прадуктовыя перадачы, часцей тэлефанаваць.

У «крытцы» гэтага няма. Маленькая камера, вільгаць, цьмянае святло, адсутнасць свежага паветра, пастаянныя праверкі. Максімум — бандэроль два кілаграмы раз на год. Пакупкі — на адну базавую велічыню ў месяц. Пасылкі не дазволеныя. Цябе ізалююць ад усяго.

Там ты кантактуеш толькі з сукамернікамі. Часта гэта былі людзі з паламанай псіхікай: хтосьці правёў 15–20 гадоў у турме, хтосьці сядзіць за жорсткае забойства. Жыць побач з такімі людзьмі — асобнае выпрабаванне. Адміністрацыя выкарыстоўвала гэта мэтанакіравана як інструмент ціску.

Фактычна большую частку тэрміну — тры гады — я правёў менавіта ў «крытцы».

– Як вы трымаліся ў такіх умовах?

– Ціск быў пастаянна. Адміністрацыя знаходзіць слабыя месцы ў кожнага: у кагосьці здароўе, у кагосьці сям’я, у кагосьці пагроза павелічэння тэрміну, фізічная расправа. Выкарыстоўваюць усё. Мяне пазбаўлялі спатканняў, перадач, кніг, падручнікаў, забіралі нататкі, кідалі ў ШІЗА.

Ратавала падтрымка — яна адчувалася заўсёды, нягледзячы на намаганні адміністрацыі, якая ўсімі сіламі імкнулася пераканаць палітвязняў, што пра іх усе забыліся, што яны нікому не патрэбныя. Я заўсёды ведаў, што гэта не так.

Вялікі дзякуй усім, хто дапамагаў. Сябрам, аднадумцам, праваабаронцам, краінам свабоднага свету. Тым, хто падтрымліваў сем’і зняволеных, хто пісаў лісты, — з вясны 2022 года яны не даходзілі, але я ведаў, што яны былі, што іх было шмат. Гэта было вельмі важна і патрэбна. Трэба працягваць пісаць лісты палітвязням і далей.

Асобна хачу падзякаваць незалежныя СМІ. Вашыя тэксты чытаюць і тыя, хто нас ахоўвае, і тыя, хто аказвае ціск на палітвязняў, хто вырашае, ці пазбавіць спаткання, ці пасадзіць у ШІЗА. Калі пра зняволенага пішуць, яго цяжэй забіць або пакалечыць.

– Пра што вы думалі ў зняволенні?

– Вядома, перш за ўсё пра блізкіх людзей. Я ведаў, што ім было вельмі цяжка, значна цяжэй, чым мне. Мой бацька, бацькі маёй жонкі не дачакаліся гэтага дня, і я дагэтуль не магу змірыцца з думкай, што іх больш няма.

Часта ўспамінаў 2020 год. Мы яшчэ ў 2019-м ведалі: пасля сфакальсіфікаваных выбараў на вуліцы выйдуць сотні тысяч людзей. Мы жылі і працавалі дзеля гэтага. Многія тады лічылі, што такое немагчыма. Мы ж ведалі, што так будзе, і казалі пра гэта; словы з інтэрв’ю пачатку 2020 года пра тое, што на вуліцах будзе мільён беларусаў, трапілі нават у матэрыялы крымінальнай справы. Самае галоўнае — мы бачылі ўсё гэта сваімі вачыма.

Гэтыя ўспаміны, разуменне таго, што беларусы сталі іншымі, сталі народам, які навучыўся змагацца, абараняць сябе, сталі крыніцай сіл, якія дазволілі прайсці праз усе выпрабаванні.

– Вы былі ў няволі, калі пачалася вайна ва Украіне. Як вы пра гэта даведаліся?

– Гэта быў люты 2022 года. Я тады ўжо быў у штрафным ізалятары і рыхтаваўся да этапу ў «крытую» турму. Пра тое, што справа ідзе да вайны, было зразумела яшчэ восенню, у студзені, калі расейскія ўлады паўтаралі: «Не, ніякай вайны не будзе, гэта проста вучэнні». Але ўсім было ясна, што ўсё ідзе менавіта да вайны.

Яшчэ ў 2015 годзе на сустрэчах з украінскімі палітыкамі беларуская апазіцыя наўпрост папярэджвала: вайна будзе, і Беларусь у ёй таксама апынецца ўцягнутая. Украінцам тады казалі: не варта спадзявацца на дамоўленасці з Лукашэнкам, бо ўварванне з тэрыторыі Беларусі ўсё роўна адбудзецца.

Нам адказвалі: «Мы падтрымліваем адносіны з Лукашэнкам, каб пазбегнуць вайны, каб не было ўварвання з Беларусі». А мы казалі: «Уварванне ўсё роўна будзе. Ён не той чалавек, якому можна давяраць». На жаль, мы зноў мелі рацыю.

– Раскажыце пра дзень, калі вас вызвалілі.

– «Вызваленне» ў двукоссі. 11 верасня 2025 года мяне забралі з прагулкавага двара а 10:15 раніцы. Сказалі сабраць рэчы, забралі нататкі, вельмі спяшаліся. Потым павезлі ў Мінск, у следчы ізалятар КДБ, вядомы як «амерыканка».

Там у адной камеры нас апынулася 13 чалавек. Пазней мы зразумелі, на якой падставе нас аб’ядналі ў асобную групу: менавіта нас планавалі выкінуць з краіны без пашпартоў. Ноч мы правялі там, а на наступны дзень нас вывезлі да літоўскай мяжы.

Нам не далі ніякіх дакументаў пра тое, што мы свабодныя. Юрыдычна мы застаёмся асуджанымі. Таму я кажу: гэта не вызваленне, а гвалтоўнае выдварэнне. Нас хочуць пазбавіць нашай радзімы. Для многіх гэта больш цяжкае пакаранне, чым турма.

– Як вы ставіцеся да такога гандлю: палітвязні ў абмен на ўступкі рэжыму?

– Гэта цынічная гульня. Выпускаюць некалькі дзесяткаў чалавек, а саджаюць яшчэ больш. Мы застаёмся аб’ектамі гандлю. Лукашэнка выкарыстоўвае палітвязняў як закладнікаў, каб выторгваць паслабленні ў найбольш балючых для яго пытаннях.

Гаварыць пра «свабоду» ў такіх выпадках няправільна. Свабода — гэта калі спыняюцца рэпрэсіі. Калі не з’яўляюцца новыя палітвязні. Калі цябе не выкідваюць з тваёй краіны. Ад Лукашэнкі трэба патрабаваць поўнага спынення палітычных рэпрэсій. Толькі тады можна казаць, што гэтая праблема вырашаная.

– Мікалай Статкевіч адмовіўся ехаць за мяжу. Як вы ацэньваеце яго ўчынак?

– Гэта мужны ўчынак. Ён зламаў гульню Аляксандра Лукашэнкі і тых, хто хацеў выкарыстаць гандаль для зняцця санкцый, прымусіў лічыцца з сабой. Так паводзяць сябе сапраўдныя лідары — людзі, якія адчуваюць і разумеюць сваю адказнасць за краіну. Ганаруся тым, што магу назваць Мікалая Віктаравіча сваім паплечнікам і сябрам.

Лукашэнка вельмі помслівы чалавек, ён вельмі балюча перажывае свае правалы. Трэба разумець, што жыццё Мікалая Статкевіча цяпер пад пагрозай. Наша задача — дабіцца яго як мага хутчэйшага вызвалення.

– Што для вас значыць 2020 год?

– Гэта вяршыня нашай барацьбы, упэўнены, што не апошняя. Жнівень — верасень 2020 года — адны з самых шчаслівых момантаў майго жыцця. Я бачыў свабодную Беларусь, бачыў, якой яна можа быць у будучыні. Я бачыў мільёны людзей на вуліцах, бачыў магутную энергію, што сыходзіла ад іх, самаарганізаванасць, крэатыў, ўзаемадапамогу. Гэта было неверагодна.

Такія ўспаміны немагчыма сцерці. Гэта дае зарад аптымізму і веры. Я магу сказаць: пяць гадоў турмы таго вартыя. Бо я бачыў Беларусь свабоднай.

– Сёння вы ў Вільнюсе. Якія вашы планы?

– Цяпер я чакаю від на жыхарства. Найбольш важнае для мяне — гэта зносіны з сям’ёй, з сябрамі. Гэтай блізкасці найбольш не ставала ў турме. Хачу наверстаць страчаныя гады, чытаць, даведацца, што змянілася ў свеце. Мая мэта тая ж, што і раней: свабодная Беларусь.

– Што вы хацелі б сказаць беларусам сёння?

– Памятайце, што было ў 2020 годзе, верце ў сябе, у наш народ. У 2019 годзе, напярэдадні «выбараў», хтосьці казаў: «Пратэстаў не будзе, усім усё адно, нічога не зменіцца». Хтосьці кажа так і цяпер. Але мы ўсе бачылі 2020 год, адчулі, нарэшце, смак свабоды. Працэсы, што пачаліся тады, незваротныя.

Беларусь — частка Еўропы. У нас ёсць саюзнікі, у нас ёсць героі — усе, хто выходзіў у 2020-м, усе, хто цяпер у турмах, усе, хто абараняе Беларусь, усю Еўропу ва Украіне, усе, хто нам дапамагае. Нас шмат, мы сталі мацнейшымі і разумнейшымі.

Галоўнае — памятаць: перамены рэальныя. Тое, што сёння камусьці здаецца немагчымым, заўтра становіцца рэальнасцю. Як хутка настане наша заўтра — залежыць толькі ад нас.

Апошнія навіны