Украінскі афіцэр: У бітве за Добрапольскі выступ адбыўся пералом
- 27.09.2025, 22:58
Расійскі прарыў захлынуўся, ЗСУ ўтрымліваюць пазіцыі і праводзяць паэтапную зачыстку.
Сітуацыя ў раёне Добрапольскага прарыву расіян нарэшце схілілася на карысць Сіл абароны. Гэта адбылося толькі цяпер, бо да таго сітуацыя была неадназначнай. Пра гэта ў сваім тэлеграм-блогу піша украінскі афіцэр з пазыўным «Алекс».
«Не ведаю, колькі там «катлоў» на Добрапольскім накірунку, але дакладна можна толькі цяпер сказаць, што наступальныя планы праціўніка на гэтым участку канчаткова зламаныя, бо яшчэ 1–2 тыдні таму [расіяне] разлічвалі на тое, што ім там удасца падцягнуць рэсурсы і развіць поспех», — піша вайсковец.
Па словах афіцэра, сітуацыя на гэтым участку зусім нядаўна была «50 на 50», нягледзячы на аптымістычна намаляваную канфігурацыю лініі судакранання на карце з прыгожымі «катламі».
Вайсковец папярэдзіў ад празмернага аптымізму і чаканняў, што цяпер Добрапольскі выступ хутка адсекуць: для гэтага патрэбна нямала рэсурсаў.
«Іх, хутчэй за ўсё, будуць пастаянна трымаць пад агнявым кантролем, паступова зачышчаючы кожны дом. Галоўнае, каб хто-небудзь дзе-небудзь не махнуў рукой і праціўнік не змог аднавіць сувязь паміж адрэзанай тэрыторыяй і падраздзяленнямі, якія там ёсць», — дадаў афіцэр.