BE RU EN

Беларус, які ваюваў на баку Расіі, свядома здаўся ў палон ЗСУ

  • 27.09.2025, 22:11

Ён быў вымушаны ўступіць у шэрагі акупацыйнай арміі.

У палон байцам 3-й брыгады аператыўнага прызначэння «Спартан» Нацыянальнай гвардыі Украіны здаўся беларус, які ваюваў на баку краіны-агрэсара Расіі. Аб гэтым 27 верасня паведаміла ў Telegram прэс-служба брыгады.

«Рэдкі экзэмпляр сярод палонных ворагаў — грамадзянін Беларусі. Некалькі гадоў ён жыў у Расіі, дзе нядаўна апынуўся перад выбарам: турма або вайна. Абраў другое, падпісаў кантракт і на пачатку верасня апынуўся ва Украіне. Ваяваў… толькі тры дні. Прайшоў лясапасадкамі міма сотняў целаў расійскіх штурмавікоў і ў выніку здаўся гвардзейцам брыгады Нацгвардыі «Спартан», — гаворыцца ў паведамленні.

Прэс-служба адзначыла, што ў палоне беларус запэўніў, што гатовы перайсці на бок Украіны, але папрасіў схаваць твар, бо хвалюецца за родных у Беларусі.

На відэа допыту, апублікаваным у YouTube, ён расказаў, што ведаў пра вайну ва Украіне. Сцвярджае: пагадзіўся, бо пагражалі турэмным тэрмінам. На пытанне пра ўражанні ад вайны ва Украіне ён адказаў, што яе трэба заканчваць.

«Я нават не ведаю, як гэта апісаць. Ну, калі ўпершыню ўбачыў разбураныя дамы, пустыя вёскі, палі выпаленыя, лясы. Зразумела, што тут яны відавочна робяць нешта не тое. То-бок «рускі мір» тут не патрэбны», — сказаў палонны беларус.

Ён расказаў, што ў падраздзяленні, у якім ён служыў, былі рускія, егіпцяне і калумбійцы.

Кажа, калі ішоў здавацца ў палон, «разумеў, што могуць прыбіць», але вырашыў, што «лепш з добрымі намерамі вяртацца, чым па-скоцку».

Палонны адзначыў, што назад у Расію па абмене вяртацца не хоча.

«Я назад ні нагой. Яны [расіяне] проста кідаюць на забой, на гарматнае мяса. Па два чалавекі, па чатыры чалавекі. Там наогул, як запалкі. Ратацыю прывезлі нейкую, груба кажучы. Усе адразу палеглі — і туды ж», — падкрэсліў ён.

Апошнія навіны